Артыкулы / “Залатая горка” і рабаванне кніжнага склада.

“Залатая горка” і рабаванне кніжнага склада.

Зборнік гістарычных дэтэктываў Кастуся Тарасава “Залатая горка” пабачыў свет ў 1998 годзе ў кніжнай серыі “Начны ганец”. Кніга складалася з трох аповесцяў на рускай мове: “Золотая горка”, “Чёрный шлях” і “Тропа Каина”. У першым творы падзеі адбываюцца на пачатку ХХ ст. у Мінску, а Залатая горка – гэта адзін з раёнаў горада, пра які сёння нагадвае аднайменная вуліца. Героямі аповесці сталі эсэры, жыццё якіх поўнае небяспекі. Аўтар пагружае чытача ў тагачасны Мінск, асабліва цікава чытаць гэты твор будзе мінчанам, бо падзеі адбываюцца па мінскіх адрасах, а Кастусь Тарасаў дае прывязку да сённяшніх лакацый. Пісьменнік сам нейкі час жыў у раёне Залатой горкі. Аповесць “Чёрный шлях” пераносіць чытача ў пачатак ХVІ ст. у часы княжання вялікага князя Аляксандра, калі наваколлі Ашмян тэрарызуе банда невядомых. У “Тропе Каина” аўтар апавядае пра падзеі вайны сярэдзіны ХVІІ ст., якая атрымала назву “патоп”. Апошняя аповесць пазней была перапісана аўтарам і выйшла пад новай назвай “На вайне”.

zalataya_gorka_1.jpg

"Залатая горка (справа зверху) з боку Полацкіх валок"

zalataya_gorka_2.jpg

Кніга выйшла немалым і па тым часе накладам 10000 асобнікаў у выдавецтве “Лекцыя”. Выдавец і аўтар у адной асобе быў удзячны любому прадпрымальніку і кніжнай краме, якія бралі на продаж гэтую кнігу. Адна ўпакоўка аказалася ў руках у прадпрымальніка з Салігорска. Для сваіх патрэб пад кніжны склад ён здымаў прыватную кватэру. Аднойчы ён прыехаў за кнігамі і пабачыў, што ў кватэру патрапілі злодзеі. Разам з іншымі кнігамі яны скралі тую самую ўпакоўку “Залатой горкі”. Прадпрымальнік браў кнігі на рэалізацыю і распавёў Кастусю Тарасаву пра сваю праблему, бо за тавар трэба было ж разлічвацца. Калі аўтар даведаўся пра абставіны здарэння, то сказаў, што плаціць нічога не трэба.

Ну а што сталася са злодзеямі і скрадзенымі кнігамі? За некалькі гадзін злодзеі здолелі распрадаць гэтыя кнігі на мясцовым рынку. Прадавалі за вельмі малыя грошы, каб назбіраць на выпіўку на бліжэйшыя некалькі дзён. Калі пабачылі, што справа пайшла добра, вярнуліся ў абрабаваную кватэру ізноў. Але там іх ужо чакаў прадпрымальнік. Неўзабаве сябар прадпрымальніка прывёў міліцыю, што і прадвызначыла сумны лёс аднаго са злодзеяў, а яго паплечніку неяк удалося адкруціцца.

zalataya_gorka_3.jpg

Кнігі Кастуся Тарасава:

Перайсці ў каталог

Іншыя артыкулы

Другі Ружанскі кнігазбор Сапегаў

Мы ўжо пісалі пра першую Ружанскую бібліятэку Сапегаў, якая паводле тэстамента Казіміра Льва Сапегі была перададзена ў Віленскую акадэмію. Пасля смерці Казіміра Льва Сапегі ў 1656 г. Ружаны пераходзяць траюраднаму брату нябожчыка Паўлу Яну Сапегу, вялікаму гетману літоўскаму і ваяводзе віленскаму. Але ён амаль няспынна быў на вайне і займацца палацам і тым больш збіраць бібліятэку не меў магчымасці.

Чытаць далей

Вулічны кнігар

У 1859 годзе літаратар Уладзіслаў Сыракомля напісаў гутарку “Вулічны кнігар”. Яна напісана як споведзь чалавека, які шэсць дзесяцігоддзяў прадае кнігі на гарадскіх вуліцах. Цікава, якія кнігі чыталі адукаваныя людзі ў першай палове-сярэдзіне ХІХ ст. на землях былога Вялікага Княства Літоўскага.

Чытаць далей

Вянок

Зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” пабачыў свет на пачатку 1914 г., хаця на вокладцы пазначаны 1913 год. Ідэя выдаць свае творы асобнай кніжкай саспела ў паэта значна раней. Паводле Вацлава Ластоўскага, праз некалькі месяцаў пасля паездкі Максіма ў Вільню і Ракуцёўшчыну ён даслаў у рэдакцыю “Нашай Нівы” рукапіс пад загалоўкам “Кніжка выбраных вершаў”

Чытаць далей
Падпісвайцеся на наш профіль у Instagram!