Артыкулы / Ваярская падрыхтоўка ў паэме Мікалая Гусоўскага “Песня пра зубра”

Ваярская падрыхтоўка ў паэме Мікалая Гусоўскага “Песня пра зубра”

Ян Матэйка. «Грюнвальдская битва»

15 ліпеня 2025 г. беларусы будуць адзначаць 615 год з дня Грунвальдскай бітвы. Апошні раз па ўсёй краіне шырока адзначаліся 600-я угодкі гэтай падзеі, найбольш маштабнае святкаванне прайшло ў Наваградку. Мікалай Гусоўскі ў сваёй паэме “Песня пра зубра” не пісаў пра Грунвальдскую бітву, але пакінуў нам апісанне падрыхтоўкі ваяроў. Занатаванае ім лёгка дапамагае ўявіць вайсковыя практыкаванні часоў вялікага князя Вітаўта.

“…Ловамі ў нашых лясах рыхтаваў ён ваяцкую моладзь…”

Вокладка кніжкі “Мікола Гусоўскі - Песня пра зубра”

Вокладка кніжкі “Мікола Гусоўскі - Песня пра зубра”

Героем паэмы Мікалая Гусоўскага стаў вялікі князь Вітаўт, а не вялікі князь Жыгімонт Стары, якія кіраваў дзяржавай у часы напісання паэмы. Думаць так недыпламатычна, знаходзячыся ў складзе дыпламатыччнай місіі, мог толькі сапраўдны паэт і смелы чалавек. У паэме Мікалая Гусоўскага чытач не ўбачыць апісання шматлікіх войнаў, якія вёў вялікі князь Вітаўт, бо аўтар не ставіў сабе такой мэты. Вялікі князь паказаны як ваярскі важак, які дбаў пра моцнае войска, якое было галоўнай заслонай перад ворагам.

Партрэт вялікага князя Вітаўта з хронікі Аляксандра Гваньіні (1611)

Партрэт вялікага князя Вітаўта з хронікі Аляксандра Гваньіні (1611)

Аўтар паэмы некалькі разоў згадвае, што чуў ваярскія паданні ад старых лоўчых, з якімі яму разам даводзілася паляваць у пушчах. Магчыма, сярод іх былі і тыя, хто пражыў свае маладыя гады ў часы Вітаўта, хаця адлегласць паміж эпохамі каля паўстагоддзя. Яшчэ і ў часы маладосці Гусоўскага лавецкая дружына ўяўляла сабою натуральны калектыў загартаваных паходамі і гераічным адольваннем небяспекі мужчын. Так што паэт добра ведаў, пра што пісаў. У гэтым калектыве панавала патрыярхальная прастата, дух сямейнай зродненасці, павага да вопыту старэйшых і бацькоўская апека над маладымі, пачаткоўцамі, якія вырасталі пад наглядам і заахвочвальным прыкладам умелых лоўчых.

Княжаская паляўнічая дружына ўяўляла сабой складаны прафесійны калектыў, у які ўваходзілі станаўнічыя – спецыялісты па расстаноўцы стральцоў на звярыных сцежках, аб’ездчыкі, што наводзілі гайню хартоў на буйнога звера, асочнікі – майстры стаўляць сеткі на ласёў і аленяў, сакольнікі – дрэсіроўшчыкі сокалаў і знаўцы сакаліных ловаў. Узначальваў дружыну лоўчы – самы вопытны чалавек сярод іх. Такая дружына нагадвала баявую адзінку Вялікага Княства Літоўскага – кап’ё, якая складалася з некалькіх ваяроў – рыцара, збраяносца (у нас ён называўся парабкам), лучнікаў і г. д. Ад заканчэння жніва да Дня Святога Войцэха (23 красавіка) кружылі паляўнічыя па лясах і пушчах.

Відаць, для навукі ўзялі Гусоўскага пазнавата, і ён з цяжкасцю даходзіў да дасканалага ведання лаціны, якое мелі іншыя, хто змалку засвойваў кніжныя веды. Але недахопы адукацыі былы паляўнічы кампенсаваў жыццёвым досведам, што для паэта вельмі істотна.

У часы вялікага князя Вітаўта літоўскае войска не раз зазнала моцныя страты. Гэта адбывалася падчас міжусобіцы паміж Вітаўтам і Ягайлам, асабліва балючай была параза ад татараў на рацэ Ворскла ў 1399 годзе: у сечы палегла дзве траціны войска Вялікага княства, загінула 60 князёў, структура войска змянілася, бо палегла шмат спрактыкаваных ваяроў, трэба было рыхтаваць новых. Пасля пераможнай Грунвальдскай бітвы таксама былі вялізныя страты.

“…Воін удзень і ўначы працай сябе гартаваў…”

Усё гэта прымушала вялікага князя асабліва дбаць пра падрыхтоўку войска, у якой ён прымаў непасрэдны удзел. Гусоўскі падрабязна, з веданнем справы апісвае ваярскую вучобу. Першым ён згадвае стральбу з лукаў па рухомым мішэням: вершнікі станавіліся ў кола і стралялі па шапкам, якія падкідвалі ўгору іншыя, таксама стралялі ў крыло журавам на ляту. Вітаўт, які назіраў за гэтым, дзячыў удалым стралкам.

Улюблёным вайсковым практыкаваннем князя Вітаўта былі гонкі на конях. За сто стадыяў (каля 18,5 км) ад старта месціўся знак, куды вершнікі мусілі як найхутчэй дабрацца. Гонкі адбываліся ўначы, у кожнага ўдзельніка быў табунок запасных коней, на якія трэба было перасаджвацца на скаку. Добрая падзяка даставалася найлепшым, найгоршых чакалі кпіны і ганьба. Гэтае практыкаванне было карыснае для склікання пагоні вялікім князем, калі трэба было без прамаруджвання сабраць войска для вайны.

Вельмі цяжкім і небяспечным практыкаваннем было фарсіраванне ракі ў адсутнасці мастоў і бродаў. Для пачатку трэба было надзейна звязаць зброю і спавіць яе вопраткай. Гэты вузел прымацоўваўся на спіну каню. Ваяры плылі разам з канём, праваю рукой трымаліся за грыву, а левай заграбалі. Першыя воі, што пераплывалі раку, атрымлівалі ўзнагароду. Як піша Гусоўскі: “Воін з гартоўкай такой, не маючы броду ці моста, плысці са зброяй сумеў цераз любую раку. Дзікае пекла вайны патрабуе адважнага воя, ратнік павінен ісці смела, рашуча на бой” (пераклад Уладзіміра Шатона).

Цяпер больш падрабязна пра ловы на зубра і выкарыстанне яго ў выпрацоўцы вайсковых навыках вояў. Лоўчыя лавілі зубра жыўцом і дастаўлялі ў лагер, дзе знаходзіўся вялікі князь. Для гэтага рыхтавалася адмысловая пастка: клалі шырокі двухсцен, які паступова звужаўся, утвараючы сабою клін, клін у сярэдзіне меў яшчэ некалькі моцных завалаў, якія закрываліся веццем ялінак. Тын быў таксама завалены розным ламаччам і галлём, каб зубр не заўважыў падман. Затым юнак у чырвоным плашчы з блішчастым клінком здалёк паказваўся зубру на вочы. Раз’юшаны звер кідаецца насустрач чалавеку, які знікаў у пастцы. Зубр ляцеў за ім, дзе і захрасаў у кліне. Тым часам лаўцы вязалі звера, сплятаючы яго ногі путамі. Пасля гэтага зубра вялі на адкрытую прастору, пазначаліы на ім мішэні. Потым гурт ваяроў на конях кідалі коп’і ў намаляваныя мішэні на целе звера. Усе коп’і былі пазначаныя, каб можна было вызначыць найбольш трапных удзельнікаў. Асаблівая шчодрая падзяка вялікага князя была тым ваярам, якія найбольш глыбока ранілі звера. Далей ваяры злазілі з коней і з мячамі падступаліся да зубра, каб дабіць яго. Гэта быў адзін з самых небяспечных момантаў у ловах, бо раз’юшаны звер мог забіць лаўца.

Лёс паэмы Мікалая Гусоўскага

вор быў створаны падчас каралеўскай пасольскай місіі ў Рыме, дзе па просьбе каралеўскага пасла плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка) Мікалай Гусоўскі напісаў для папы Льва Х паэму “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”. У 1523 годзе паэма была надрукаваная ў Кракаве з прадмовай, адрасаванай каралеве Боне.

Аркуш першага кракаўскага выдання 1523 “Песня пра зубра”

Аркуш першага кракаўскага выдання 1523 “Песня пра зубра”

У 1855 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў гонар 50-годдзя Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды кніга была перавыдадзеная на лацінскай мове накладам 150 асобнікаў. У 1894 годзе ў Кракаве пабачыў свет збор твораў Гусоўскага на лацінскай мове з уступам і каментарамі Яна Пельчара.

Беларускія даследчыкі звярнулі ўвагу на паэму толькі ў 1960-я гг. Першым у 1969 годзе пераклаў паэму на беларускую мову Язэп Семяжон, пераклад цягнуўся дзесяць гадоў, кніга выйшла ў 1973 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” з ілюстрацыямі мастака Арлена Кашкурэвіча. У пасляслоўі да паэмы перакладчык Язэп Семяжон піша “ Carmen de bisontis” – стаяла на тытульным фаліянце старажытнай кнігі, аддрукаванай у каралеўскай друкарні Кракава ў 1523 годзе, калі я, перакладчык, з душэўным хваляваннем узяў яе ў рукі з фонда рэдкіх выданняў бібліятэкі імя М. Я Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе”. У 1980 годзе выйшла падарункавае выданне адначасова на лацінскай, беларускай і рускай мовах з ілюстрацыямі мастака Яўгена Куліка. Беларускі пераклад быў па ранейшаму Язэпа Семяжона, рускі – Язэпа Семяжона і Якава Парэцкага, прысвячэнне каралеве Боне Сфорцы пераклаў Віктар Дарашкевіч. Пазней пабачылі свет пераклады Уладзіміра Шатона ў часопісе “Спадчына” №2 за 1991 год, а асобным выданнем у 1994 годзе. Уладзімір Шатон у каментары да свайго перакладу напісаў: “У сваім перакладзе лацінскага твора Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра” я стараўся наблізіцца як мага больш да арыгінала і перадаць сэнс кожнага радка. Імкнуўся таксама, наколькі гэта магчыма для верша на беларускай мове, захаваць метрыку паэмы, якая напісана элегічным двувершам (двухрадковая страфа, дзе першы радок гекзаметр, а другі пентаметр). Гучанне такога верша многім падасца нязвыклым. У сучаснай беларускай паэзіі элегічныя вершы сустракаюцца рэдка. А між тым якраз на беларускай мове з яе пявучасцю гекзаметр і пентаметр можа гучаць зусім натуральна і прыгожа.” Колькасць радкоў у перакладзе Шатона супадае з арыгіналам – 1072 радкі, у перакладзе Семяжона на 445 радкоў больш. У 1997 годзе выйшаў пераклад Наталлі Арсенневай.

Дзякуючы даследчыкам гісторыі беларускай кнігі вядома пра чатыры арыгінальных асобніка паэмы: два ў Польшчы, адзін у Кракаве ў Бібліятэцы Чартарыйскіх, а другі ў Уроцлаве ў Нацыянальным інстытуце імя Асалінскіх. Яшчэ адзін асобнік захоўваецца ў Швейцарыі, у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы горада Цюрыха. І яшчэ адзін ў Брытанскай бібліятэцы. Пра арыгінальны асобнік у Пецярбургу сучасныя даследчыкі не згадваюць.

Сярод сучасных перавыданняў – зборнік 2007 года, у якім змешчаны тэкст паэмы на лацінскай мове, а таксама ў перакладзе на розныя мовы: польскую, літоўскую, беларускую, рускую, англійскую. Нажаль, у 2023 годзе да 500-годдзя выхаду “Песні пра зубра” перавыдання паэмы не было. Але твор можна прачытаць і нават паслухаць у вольным доступе.

Паэма Мікалая Гусоўскага засталася нам як энцыклапедыя жыцця нашых продкаў у сярэднявеччы. І ў гэтым яе вялікая сіла.

Іншыя артыкулы

Ружанскі кнігазбор Сапегаў

У дзяцінстве мы з сябрамі даследавалі руіны палаца Сапегаў ды спрабавалі патрапіць у яго падвалы. Мы ў фантазіях уваскрашалі жыццё колішніх уладальнікаў. Розныя казкі пра скарбы ды падземныя хады выклікалі ў нас вялікую цікавасць. Спачатку аб’ектыўная інфармацыя пра Ружанскі палац трапляла мне на вочы выпадкова, пазней я стаў збіраць яе мэтанакіравана. Цяпер хачу падзяліцца з вамі звесткамі пра Першую Ружанскую бібліятэку Сапегаў.

Чытаць далей

Вянок

Зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” пабачыў свет на пачатку 1914 г., хаця на вокладцы пазначаны 1913 год. Ідэя выдаць свае творы асобнай кніжкай саспела ў паэта значна раней. Паводле Вацлава Ластоўскага, праз некалькі месяцаў пасля паездкі Максіма ў Вільню і Ракуцёўшчыну ён даслаў у рэдакцыю “Нашай Нівы” рукапіс пад загалоўкам “Кніжка выбраных вершаў”

Чытаць далей
Падпісвайцеся на наш профіль у Instagram!