Ружанскі кнігазбор Сапегаў

Малюнак Напалеона Орды 1875 год. Палац Сапегаў у Ружанах
Заснавальнікам ружанскага кнігазбора быў славуты Леў Сапега, які купіў Ружаны ў 1598 годзе. Бібліятэка Льва Сапегі налічвала каля 2000 найменняў. Паводле тэстаменту Льва Сапегі кнігі павінны былі быць падзелены пароўну паміж яго двума сынамі: Янам Станіславам і Казімірам Львом. Але неўзабаве Ян Станіслаў памёр і ўся бібліятэка апынулася ў руках Казіміра Льва. Казімір Леў працягваў узбагачаць бібліятэку новымі творамі да канца свайго жыцця. Трэба адзначыць, што ён атрымаў першапачатковую адукацыю ў Віленскай акадэміі, затым вучыўся ў Германіі, Нідэрландах і Італіі, ведаў восем еўрапейскіх моў. Сыноў Казімір Леў не меў і ў 1644 годзе склаў “фундуш” Віленскай акадэміі, які ўключаў у сябе права на карыстанне яго бібліятэкай. Кнігі сталі паступаць у Акадэмію з сярэдзіны 1640-х гг., але юрыдычна завяшчанне было аформлена толькі ў 1655 годзе. Згодна тэстаменту ад 20 ліпеня 1655 года Казімір Леў падарыў сваю бібліятэку (каля 3000 кніг) Віленскай езуіцкай акадэміі. Адзіным абмежаваннем пры гэтым было пажаданне Сапегі захаваць ў цэльнасці ўвесь збор і не перадаваць кнігі іншым навучальным установам.
Канчаткова Сапегаўская ружанская бібліятэка была перавезена ў Вільню толькі ў 1666 годзе пасля спынення баявых дзеянняў паміж войскамі Рэчы Паспалітай І Рускага царства. Пасля перавозкі езуіцкія бібліятэкары ўсе кнігі пазначылі рукапіснымі запісамі ўласнасці: Дар святлейшага пана Казіміра Льва Сапегі падканцлера Вялікага Княства Літоўскага. У Віленскай акадэміі кнігі размяркоўваліся ў Вялікую альбо Малую бібліятэкі. У першай захоўвалася найбольш каштоўная літаратура, якая студэнтам на дом не выдавалася, а ў другой – падручнікі, якія выдаваліся на дом. Са знойдзеных кніг Сапегі відаць, што большасць з іх пазначана пячаткамі Вялікай бібліятэкі, значыць яны захоўваліся ў галоўным сховішчы бібліятэка як асабліва каштоўныя.

Запіс на тытульным аркушы аднаго з тамоў бібліятэкі Сапегаў: «З Бібліятэкі святлейшага пана Казіміра Сапегі падканцлера ВКЛ Віленскаму Калегіюму Таварыства Ісуса дар”.
На сёння адшукана 303 назвы захаваных кніг Сапегаў. Найбольш цікава паглядзець тэматычны воблік Ружанскай бібліятэкі, ягонай рэканструкцыяй займалася літоўская даследчыца Альма Бразюнене. Сярод кніг гістарычна-геаграфічнай накіраванасці там меліся гістарычныя хронікі асобных дзяржаў – Францыі, Германскіх дзяржаў, Англіі, Іспаніі, а таксама выданні па гісторыі Індыі, Бразіліі. Выключна важным было шматтомнае выданне пра Амерыку. Захаваліся толькі 1, 2, 3 і 9 тамы з Сапегаўскай бібліятэкі, найбольш верагодна, што ў свой час Сапегі мелі ўвесь шматтомнік.
Меліся ў бібліятэцы кнігі ваеннай тэматыкі, якія былі прысвечаны гісторыі асобных войнаў, артылерыі і фартыфікацыі. Варта адзначыць перакладзены на польскую мову твор Дыега Уфана “Artileria”, які быў надрукаваны ў 1643 годзе са шматлікімі гравюрамі і з адлюстраваннем Смаленскай бітвы. Мастацкая літаратура прадстаўлена найперш творамі антычных аўтараў – Арыстоцеля, Плутарха. Платона, Ксенафонта, Тацыта ды інш. Сярод мастацкай літаратуры Рэнесанса – кнігі санетаў Ізабэлы Андрэані (Мілан, 1601 г.), славуты раман Анорэ Урфе “Астрэя”, які праславіўся тонкай псіхалагічнай трактоўкай сваіх герояў, а таксама тры выданні папулярнага ананімнага рамана ХІІІ ст. “Амадзіс дэ Гауле” – два выдання на французскай (Парыж, 1545, 1551 гг.) і адно ня нямецкай (Страсбург,1600 г.) мовах.
У кнігазбору меліся яшчэ кнігі па эканоміцы і рэлігійныя выданні. Усе вышэйзгаданыя кнігі надрукаваныя, у асноўным, у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе. Кніг, выдадзеных у ВКЛ, малая колькасць. Сярод іх трэба згадаць паэтычны твор Яна Радвана “Radivilias”, выдадзены ў Вільні ў 1592 г. Хроніка Аляксандра Гваньіні была надрукаваная ў Кракава ў 1578 г. Ёсць вялікая верагоднасць, што ў бібліятэцы Сапегаў мелася і “Гісторыя Літвы” Альберта Віюк-Каяловіча (Гданьск, 1650 г.), таму што ў ёй змешчана аўтарскае прысвячэнне Казіміру Льву Сапегу. Казімір Леў Сапега славіўся як вялікі мецэнат і буйны дзяржаўны дзеяч, і выданняў, яму прысвечаных, налічваецца каля сарака.
.jpg)
Казімір Леў Сапега (Крыніца ілюстрацыі: Dom Sapieżyński : Cz. 2 : Ikonografia / Eustachy Sapieha, Maria Kałamajska-Saeed. – Warszawa, 2008. – S. 47.)
Кніг на кірыліцы ў кнігазборы Сапег пакуль не выяўлена, хаця яны павінны былі быць, прынамсі “Статут Вялікага княства Літоўскага” выдання 1588 года, “ Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага” 1586 года, а таксама кнігі разнастайнага зместу, выпушчаныя Віленскай друкарняй Мамонічаў, бо Леў Сапега быў апекуном друкарні (друкарня выпусціла каля 50 кірылічных кніг). Пры яго падтрымцы ў 1586 і 1593 гг. Мамонічы атрымалі прывілеі, якія дазвалялі ім манапалізаваць выданне кніг на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах. Першы Служэбнік у каталіцкай рэдакцыі надрукаваў уніят Лявон Мамоніч ў 1617 годзе “коштом і накладом Льва Сапегі”, якому і прысвечана выданне. Невядома, ці захаваліся наогул кірылічныя выданні на старабеларускай мове з Сапегаўскай бібліятэкі пасля іх паступлення ў Віленскую акадэмію, бо ў пазнейшы час адукаваная частка грамадства на беларускіх землях карысталася чужым моўным апаратам.
Сапегі збіралі і фармавалі бібліятэку гуманітарнага профіля, якая адлюстроўвала шырокія інтэрэсы сваіх уладальнікаў. Для захоўвання кніг была пабудаваная адмысловая бібліятэчная зала.
Падарожжы кніг Сапегаў з Вільні пачаліся яшчэ ў 1773 годзе, калі быў забаронены Ордэн езуітаў. Езуіцкія кнігі сталі раздавацца розным манаскім ордэнам: бернандзінцам, дамініканам, кармелітам, францысканцам і піярам. Пасля падаўлення паўстанняў 1830-1831 гг. і 1863 г. многія кляштары манаскіх ордэнаў былі зачынены і кнігі з іхных бібліятэк былі перавезены ў Вільню і перададзены ў Віленскую публічную бібліятэку. Такім чынам, некаторыя кнігі з Сапегаўскай бібліятэкі здзейснілі кола падарожжаў.
Самая буйнамаштабная гісторыя расцярушвання Сапегаўскай бібліятэкі пачалася пасля 1832 года, калі царскімі ўладамі быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, а кнігі ўніверсітэцкай бібліятэкі былі размеркаваны сярод устаноў адукацыі Расійскай імперыі. Частка кніг патрапіла ў Кіеў ва ўніверсітэт Святога Уладзіміра (захавалася 15 кніг Сапегаў з пячаткамі гэтага ўніверсітэта), частка – у Харкаўскі універсітэт (захавалася 37 кніг Сапегаў з пячаткай гэтай установы), у Каталіцкую духоўную акадэмію ў Санкт- Пецярбург (адшукана 26 кніг Сапегаў з пячаткай гэтай Акадэміі). Некаторыя кнігі патрапілі ў бібліятэку Тартускага ўніверсітэта, Бабруйскай школы, Слонімскага дваранскага павятовага вучылішча і інш.
Другі важны этап руху кніг Сапегаўскай бібліятэкі пачаўся ў другой палове 1950-х гадоў, у час палітычнай адлігі ў СССР. Гэтую грандыёзную справу ажыццявіў кіраўнік Бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта Леў Уладзіміраў. Ён са сваімі паплечнікамі на працягу 1956-1959 гг. змог вярнуць 22 тысячы кніг: з Бібліятэкі Акадэміі Навук у Кіеве – 7542, Бібліятэкі Харкаўскага універсітэта – 636, Бібліятэкі Акадэміі Навук у Ленінградзе – 13360. Гэты выпадак не мае прэцэндэнта ў бібліятэчнай гісторыі. Такім чынам, у Вільню было вернута і 88 кніг бібліятэкі Сапегаў у Ружанах.
Каля 1980 года супрацоўнікі бібліятэкі Віленскага універсітэта склалі асобную картатэку кніг Сапегаў. У 1995 годзе была арганізавана выстаўка Bibliotheca Sapiehana, з гэтай нагоды выяўлены яшчэ некаторыя кнігі, якія належаць да гэтай калекцыі. У 2010 годзе, калі быў выпушчаны каталог Bibliotheca Sapiehana, з яго вядома пра 289 назваў захаваных кніг Сапегаў. Пасля з’яўлення каталога на працягу некалькіх гадоў стала вядома яшчэ пра 14 кніг калекцыі.

Вокладка дыску электроннага каталога бібліятэкі Сапегаў “Сапегіяна”, 2011 год. Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Частка кніг Сапегаў, верагодна, ляжыць у кнігасховішчах розных краін яшчэ не апознанымі. Самыя вялікія спадзяванні звязаныя з Бібліятэкай Акадэміі Навук ў Санкт-Пецярбургу. Трэба спадзявацца, што ў цяперашнюю інфармацыйныю эпоху, калі бібліятэкі алічбоўваюць свае фонды, да нас дойдзе інфармацыя і аб кнігах Сапегаў.
Другая Ружанская бібліятэка Сапегаў паўстане толькі ў ХVІІІ ст. пасля паступовага аднаўлення Ружанскага палаца, разбуранага падчас міжусобіц у канцы ХVІІ ст, але гэта ўжо іншая гісторыя.