Артыкулы / Вянок

Вянок

Зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” пабачыў свет на пачатку 1914 г., хаця на вокладцы пазначаны 1913 год. Ідэя выдаць свае творы асобнай кніжкай саспела ў паэта значна раней. Паводле Вацлава Ластоўскага, праз некалькі месяцаў пасля паездкі Максіма ў Вільню і Ракуцёўшчыну ён даслаў у рэдакцыю “Нашай Нівы” рукапіс пад загалоўкам “Кніжка выбраных вершаў”. Рукапіс праляжаў у рэдакцыі больш за год, бо не было грошай для выдання кнігі. Справа зрушылася ў 1913 г., калі швагерка Ластоўскага, літоўская пісьменніца Пяледа, прывезла яму з Кейданаў старое антыпендзіум (пярэдняя сценка царкоўнага алтара, якая змяшчае роспіс) з выявай герба “Равіч” (дзева едзе на мядзведзю). Гэтае антыпендзіум вядомы збіральнік старажытнасцей Іван Луцкевіч прадаў нейкаму шляхціцу, які меў герб “Равіч”. Палова выручаных грошай была прызначана на выданне вершаў Максіма Багдановіча. У час набору тэкста перад друкам Вацлаў Ластоўскі і Іван Луцкевіч здабылі грошы на беларускія кнігі ад княгіні Магдалены Радзівіл. У знак падзякі на першай старонцы кнігі быў размешчаны герб Завішаў “Лебедзь”, бо з гэтага роду паходзіла княгіня Магдалена. Але грошай ўсё раўно бракавала, таму ў кнігу не ўвайшла частка вершаў.

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Магдалена Радзівіл у маладосці

Магдалена Радзівіл у маладосці

На вокладцы быў размешчаны малюнак аднаго з вучняў Штыгліцаўскай школы, які захоўваўся ў зборы Вацлава Ластоўскага. Малюнак нагадваў вянок, таму Ластоўскі скарыстаўся правамі выдаўца і даў кнізе назву “Вянок, кніжка выбраных вершаў”. А каб апраўдацца перад чытачамі за такую назву, на другім аркушы кнігі з’явілася тлумачэнне: “Вянок на магілу С. А. Палуяна (+8 красавіка 1910 г.)”. Гэта было зроблена без узгаднення з аўтарам, але Максім Багдановіч застаўся задаволеным такім выкананнем, таму што Сяргей Палуян у свой час ацаніў паэтычныя здольнасці Максіма і дзякуючы яму творы Максіма пабачылі свет. Сваю падзяку за гэта Багдановіч выказаў у форме верша.

Вокладка кніжкі выбраных вершаў “Вянок”

Вокладка кніжкі выбраных вершаў “Вянок”

Кніга “Вянок” выйшла ў віленскай друкарні Марціна Кухты. З-за шэрагу прычын, найперш фінансавых, у кнігу не ўвайшлі раздзелы “Каханне і смерць” і большасць вершаў з раздзела “З чужое глебы”. У 1927 годзе выйшаў збор твораў Максіма Багдановіча, у які быў узноўлены раздзел “Каханне і смерць”, уключычаны ў цыкл “Мадонны”, які затым уваходзіў ва ўсе наступныя выданні. Зборы твораў выходзілі яшчэ ў 1957 г., 1968 г. (падчас эпохі “адлігі), самы поўны трохтомны збор твораў выйшаў у свет ужо ў незалежнай Беларусі ў 1992 – 1995 гг. Факсімільнае выданне гэтай кнігі пабачыла свет ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у 1985 годзе. Апошняе выданне “Вянка” выйшла таксама ў “Мастацкай літаратуры” у 2023 годзе да стагоддзя першага выхада кнігі. Творы Багдановіча размешчаны ў ёй у той жа паслядоўнасці, як і ў першакрыніцы, паўтараючы змест і структуру кнігі.

Творчасць Максіма Багдановіча, яго асоба і радавод па ранейшаму прыцягваюць даследчыкаў. У 2024 годзе выйшла кніга Ірыны Мышкавец “Рэ/экспазіцыя. Штрыхі да біяграфіі Максіма Багдановіча” і Міхала Бараноўскага “Максім Багдановіч. Спроба рэканструкцыі”.


Вянок. Вершы

Рэ/экспазіцыя. Штрыхі да біяграфіі Максіма Багдановіча. З аўтографам!

Максім Багдановіч. Спроба рэканструкцыі

Іншыя артыкулы

Другі Ружанскі кнігазбор Сапегаў

Мы ўжо пісалі пра першую Ружанскую бібліятэку Сапегаў, якая паводле тэстамента Казіміра Льва Сапегі была перададзена ў Віленскую акадэмію. Пасля смерці Казіміра Льва Сапегі ў 1656 г. Ружаны пераходзяць траюраднаму брату нябожчыка Паўлу Яну Сапегу, вялікаму гетману літоўскаму і ваяводзе віленскаму. Але ён амаль няспынна быў на вайне і займацца палацам і тым больш збіраць бібліятэку не меў магчымасці.

Чытаць далей

Ваярская падрыхтоўка ў паэме Мікалая Гусоўскага “Песня пра зубра”

15 ліпеня 2025 г. беларусы будуць адзначаць 615 год з дня Грунвальдскай бітвы. Апошні раз па ўсёй краіне шырока адзначаліся 600-я угодкі гэтай падзеі, найбольш маштабнае святкаванне прайшло ў Наваградку. Мікалай Гусоўскі ў сваёй паэме “Песня пра зубра” не пісаў пра Грунвальдскую бітву, але пакінуў нам апісанне падрыхтоўкі ваяроў.

Чытаць далей
Падпісвайцеся на наш профіль у Instagram!