Артыкулы / Кароткі ваенна-гістарычны слоўнік (для студэнтаў і вучняў)

Кароткі ваенна-гістарычны слоўнік (для студэнтаў і вучняў)

У далёкім 1998 годзе была падрыхтавана да друку і мусіла выйсці накладам у 7500 асобнікаў кніга Кастуся Тарасава “Кароткі ваенна-гістарычны слоўнік”, але з пэўных прычынаў не пабачыла свет. Кастусь Тарасаў – чалавек дасведчаны ў айчыннай і сусветнай гісторыі, аўтар шматлікіх твораў на гістарычную тэматыку. Праца над кнігай ішла працяглы час, аўтар сабраў багаты матэрыял па тэме. Да гэтага часу такога слоўніка ў Беларусі ніхто не выдаваў. Дамо слова Кастусю Тарасаву:

“У творах гістарычнага жанру, як мастацкіх, так і навукова-папулярных, часта сустракаюцца тэрміны, значэнне якіх разумеецца сучасным чалавекам вельмі смутна або няправільна. Напрыклад, слова катапульта нашмат хутчэй усвядоміцца намі як прылада ў кабіне самалёта для выкідання пілота ў аварыйнай сітуацыі, чым як старажытная абложная гармата для кідання шматпудовых камянёў па абкружанай крэпасці. Знойдзецца вельмі мала людзей, здольных растлумачыць розніцу паміж брыганцінай і каравелай, хоць гэтымі назвамі шырока карыстаюцца ў песнях сучасныя трубадуры. Можна, зразумела, і не ведаць гэтай розніцы, але лепш ведаць.

Акрамя ваеннай лексікі ў слоўнік уключаны таксама гістарычныя звесткі неваеннага зместу (напрыклад, аб манашаскіх ордэнах, узнагародах, бажаствах вайны). У язычніцкі час багам вайны аддаваліся рытуальныя ахвяры, знакі племянных татэмаў пераходзілі на дзяржаўныя сцягі і на асабістыя гербы. Пераможцы ў кровапралітных бітвах шанаваліся ордэнскімі знакамі. Разам з войскамі на заваяваную ў час крыжовых паходаў тэрыторыю, скажам, Прусіі, прыходзілі манахі розных ордэнаў, з якіх мы ці пералічым хаця бы пяць, хоць іх былі десяткі. У ідэалогіі ваеннага стану заўсёды быў важным культ герояў і культ святых -- патронаў ваярства. Слоўнік утрымоўвае тлумачэнні і па гэтай тэме.

Слоўнік ахоплівае перыяд ад старажытнасці і да 1918 года – вобразна кажучы, ад прашчы да першага "максіма" і першых аэрапланаў. З заканчэннем Першай сусветнай вайны скончылася эпоха гусараў, драгунаў, казакоў, артылерыі на коннай цязе, вінтовак, іншымі словамі завяршылася пэўная шматвяковая традыцыя. Толькі што жорсткасць у час войнаў не зведала зменаў. Ваенная тэхніка Другой сусветнай вайны і тэмы бліжэйшага нам часу патрабуюць асвятлення ў асобным выпуску.”

vajenna_histarycny_slounik_1.jpg

Альбрэхт Дзюрэр. Гравюра “Чатыры вершнікі” з цыкла “Апакаліпсіс” 1497-1498 гг.

Для фронтыспіса (малюнак перад першай старонкай кнігі) аўтар выкарыстаў гравюру Альбрэхта Дзюрэра “Чатыры вершнікі” з цыкла “Апакаліпсіс”, які Дзюрэр стварыў у 1496 – 1498 гг. падчас першага падарожжа ў Італію. Кніга пачынаецца словамі старажытнага кітайскага філосафа Лао Цзыз “Усе войны адбываюцца таму, што людзі не любяць адзін аднаго” і складаецца з сямнаццаці раздзелаў: Прычыны войнаў; Сухапутныя войскі; Халодная зброя; Абароннае ўзбраенне; Артылерыя і ручная агнястрэльная зброя; Конныя войскі; Умацаванні і фартыфікацыі; Флот; Авіяцыя; Амуніцыя і абмундзіраванне; Агульныя тэрміны; Чыны, званні, тытулы; Узнагароды; Духоўна-рыцарскія і манаскія ордэны; Богі вайны, нябесныя патроны, эпічныя героі, славутыя палкаводцы; 30 памятных бітваў; Меры даўжыні, плошчы, аб’ёму”. Усяго ў кнізе 222 старонкі і дзясяткі тэматычных ілюстрацый.

Падамо некалькі вытрымак з кнігі:

Егеры — жаўнеры лёгкіх пяхотных падраздзяленняў, здольных да вядзення бою ў рассыпным строі. Егеры з явіліся ў войсках Заходнай Еўропы ў канцы XVII ст. Спачатку гэта былі меткія стралкі для знішчэння афіцэраў праціўніка. Радавыя егерскіх каманд і батальёнаў былі ўзброеныя стрэльбамі палепшанай якасці, унтэр-афіцэры -- наразнымі стрэльбамі. У расійскім войску егерскія каманды сфарміраваныя ў 1761 г. У 1777 г. былі арганізаваныя асобныя егерскія батальёны. У 1812 годзе налічвалася 52 егерскіх палка. Расфарміраваныя і пераведзены ў простыя пяхотныя палкі ўсярэдзіне XIX ст.

Фаланга — ў Старажынай Грэцыі шчыльна самкнутая лінейная воінская пабудова, якая складаецца з некалькіх шэрагаў цяжкай пяхоты. Спартанская і афінская фалангі складаліся з 8 шэрагаў, прычым прамежнасць паміж шэрагамі на маршы складала 2 м, у час атакі -- 1 м і пры адбіванні нападу -- 0,5 м, а франтальная працягласць пры 8-тысячнай колькасці войска дасягала 1 км. Фаланга была слабая на флангах і ў тылу; акрамя таго, яна была не ў стане ваяваць на перасечанай мясцовасці. Македонская фаланга складалася з 16--18 тысяч ваяроў і была пабудаваная ў 8, 10, 12 або 24 шэрагі. На раннім этапе рымскай гісторыі легіён, падобна фаланзе, выбудоўваўся з 8 шэрагаў, пазней быў заменены рухомымі падраздзяленнямі, званымі маніпуламі і кагортамі. Пачынаючы з IV ст. да н. э. у Рыме ізноў вярнуліся да фалангавай пабудовы, якая, увогуле, падыходзіла толькі для абароны.

Аркбаліста — сярэдневяковая мятальная машына прыцэльнага дзеяння, падобная на вялікі арбалет. Доўгі (да 3,5 м) драўляны або жалезны лук прымацоўваўся да рамы, размешчанай на пары колаў вялікага дыяметра. Цеціва нацягвалася умацаваным на раме воратам. Стралялі аркбалісты або звычайнымі стрэламі, або кароткімі грубымі стрэламі з чатырохгранным жалезным наканечнікам (так званыя стрэлы "Каро"). Простая страла ляцела на 1300 крокаў. Страла "Каро" з 300 крокаў прабівала брус таўшчынёй у 15 см. Пры страляніне з аркбалісты камянямі або свінцовымі снарадамі да цецівы прымацоўвалі адмысловая чаша.

Куртрэ, 1302 год — 11 ліпеня каля мястэчка Куртрэ сышліся на бітву французскае войска ў складзе арбалетчыкаў і рыцарскай конніцы (10 – 12 тысяч) пад началам генерал-капітана графа Р. д’Артуа і фламандскае народнае апалчэнне, галоўным чынам пяхота (да 20 тысяч). Фламандскія лучнікі і пікінёры, прыкрытыя з тыла ракой, з фронта – забалочаным ручаём, цалкам разграмілі французскую конніцу. Рыцары, якія выбіраліся з балота на бераг, станавіліся ахвярамі пікінёраў. Страты французаў былі значныя – 4 тысячы рыцараў. Пасля бітвы фламандцы сабралі на полі боя 700 залатых шпор і развесілі іх у якасці трафеяў у саборы Куртрэ. Таму бітва атрымала і іншую назву – “Бітва залатых шпор”. Яна першая паказала, што конніца без падтрымкі пяхоты можа быць нагалаву разбітая арганізаванымі пяхотнымі часткамі. Перамога фламандскага апалчэння зберагла Фландрыю ад французскай заваёвы.

Рарог — у славянскай міфалогіі вогненны дух. Яго ўяўлялі ў вобразе драпежнай птушкі, звычайна сокала. У гэтай якасці сокал быў татэмам рарэгаў (абадрытаў). На іх баявых сцягах адлюстраваны сокал ў час баявой атакі. Праз дружыны варагаў гэты сімвал аказаўся знакам усходнеславянскіх князёў.

Коні рыцарскія — з узнікненнем цяжкага рыцарскага ўзбраення патрабаваліся буйныя моцныя коні, таму што рыцар у поўнай брані і са зброяй важыў да 200 кг. Рыцарскія коні валодалі сілай, але блі маларухомыя і флегматычныя. У Германіі, Даніі, Нідэрландах іх стваралі на аснове бельгійскага каня – шырокацелага, але невысокага – 145 см у холцы. Паступова быў створаны магутны конь – 155 – 165 см у холцы. У Англіі пародай цяжкіх коней былі шайры, іх рост 160- 165 см у холцы. У кожнай краіне былі свае конныя вобласці, багатыя кармамі, якія пастаўлялі коней для патрэб войска. У Францыі гэта Ардэнны, у Германіі – Брандэрбург, Мекленбург, у Іспаніі – Андалузія. Іспанскія коні і ў сярэднія вякі, і ў новы час лічыліся лепшымі ў Еўропе пасля арабскай пароды. У 1580 г. у Ліпіцы (Славенія) быў заснаваны конны завод, ліпіцыянскія коні высока цанілісь. З развіццём артылерыі пароды цяжкіх коней выкарыстоўвалісь для артылерыйскіх запражак.

Троя, 1230 год до н.э. — падзенне Троі пасля вайны з грэкамі. Апісанне многіх падзей гэтай 10- гадовай вайны ёсць у “Іліядзе”. Нагодай для пачатку ваенных дзеянняў стала выкраданне Алены, жонкі спартанскага цара Менелая, а разам з ёй і царскіх скарбаў. Старэйшы брат абражанага мікенскі цар Агамемнан, самы магутны сярод дзяржаў Грэцыі, узначаліў аб’яднаны паход на Трою. Сталіца Траады была акружаная сценамі таўшчынёй да 4 м. Усе брамы абаранялісь масіўнымі вежамі. Узяць Трою штурмам грэкі не маглі. Таму яны разрабавалі суседнія гарады Малой Азіі – Фівы, Лірнэс, Педас, Мецімну. Сярод удзельнікаў вайны героі, якія увайшлі ў грэцкія міфы, - Ахіл, Аякс, Патрокл, Адысей, Гектар, Энэй. Магільны курган Ахіла, які загінуў на гэтай вайне, наведваў Аляксандр Македонскі, ён наладжаў тут пахавальныя гульні. Не маючы моцы зламіць Трою асадай, грэкі ўзялі яе хітрасцю (траянскі конь). Горад быў разрабаваны і разбураны. Апошняга цара Троі, старога Прыяма, жорстка забілі ў свяцілішчы каля алтара Зеўсу. Схаваныя траянцамі скарбы адшукаў у 19 ст. археолаг Г. Шліман, дакладна паводле гамераўскіх апісанняў мясцовасці.

vajenna_histarycny_slounik_2.jpg

Ваенныя фартыфікацыі

vajenna_histarycny_slounik_3.jpg

Аблога крэпасці

vajenna_histarycny_slounik_4.jpg

Ваенныя знакі

Іншыя артыкулы

Вулічны кнігар

У 1859 годзе літаратар Уладзіслаў Сыракомля напісаў гутарку “Вулічны кнігар”. Яна напісана як споведзь чалавека, які шэсць дзесяцігоддзяў прадае кнігі на гарадскіх вуліцах. Цікава, якія кнігі чыталі адукаваныя людзі ў першай палове-сярэдзіне ХІХ ст. на землях былога Вялікага Княства Літоўскага.

Чытаць далей

Ружанскі кнігазбор Сапегаў

У дзяцінстве мы з сябрамі даследавалі руіны палаца Сапегаў ды спрабавалі патрапіць у яго падвалы. Мы ў фантазіях уваскрашалі жыццё колішніх уладальнікаў. Розныя казкі пра скарбы ды падземныя хады выклікалі ў нас вялікую цікавасць. Спачатку аб’ектыўная інфармацыя пра Ружанскі палац трапляла мне на вочы выпадкова, пазней я стаў збіраць яе мэтанакіравана. Цяпер хачу падзяліцца з вамі звесткамі пра Першую Ружанскую бібліятэку Сапегаў.

Чытаць далей

“Залатая горка” і рабаванне кніжнага склада.

Зборнік гістарычных дэтэктываў Кастуся Тарасава “Залатая горка” пабачыў свет ў 1998 годзе ў кніжнай серыі “Начны ганец”. Кніга складалася з трох аповесцяў на рускай мове: “Золотая горка”, “Чёрный шлях” і “Тропа Каина”. У першым творы падзеі адбываюцца на пачатку ХХ ст. у Мінску, а Залатая горка – гэта адзін з раёнаў горада, пра які сёння нагадвае аднайменная вуліца.

Чытаць далей
Падпісвайцеся на наш профіль у Instagram!