Другі Ружанскі кнігазбор Сапегаў

Малюнак Напалеона Орды 1875 год. Палац Сапегаў у Ружанах
Мы ўжо пісалі пра першую Ружанскую бібліятэку Сапегаў, якая паводле тэстамента Казіміра Льва Сапегі была перададзена ў Віленскую акадэмію. (Cпасылка на артыкул пра першую Ружанскую бібліятэку Сапегаў). Пасля смерці Казіміра Льва Сапегі ў 1656 г. Ружаны пераходзяць траюраднаму брату нябожчыка Паўлу Яну Сапегу, вялікаму гетману літоўскаму і ваяводзе віленскаму. Але ён амаль няспынна быў на вайне і займацца палацам і тым больш збіраць бібліятэку не меў магчымасці. У 1665 г. 56-гадовы вялікі гетман памірае ў Ружанскім палацы.

Вялікі гетман Павел Ян Сапега (1609-1665)
Паводле тэстамента Ружаны перайшлі да 5-гадовага сына Паўла Яна Леона Базыля, а фактычна да яго маці. У 1686 г. Леона Базыля не стала і Ружаны перайшлі да яго старэйшага брата Казіміра Яна. Праз некалькі гадоў у Вялікім Княстве Літоўскім пачалася вайна паміж Сапегамі і варожай ім магнацкай групоўкай за ўладу ў ВКЛ. У 1698 г. Ружанскі палац быў моцна разбураны антысапегаўскайй кааліцыяй. Шведскі кароль Карл ХІІ, які падчас паходу з Літвы на Валынь спыняўся ў Ружанах, знайшоў горад і замак цалкам зруйнаванымі, жыхароў у горадзе не было.
Першыя спробы аднавіць палац датуюцца сярэдзінай ХVІІІ ст. Але маштабнае аднаўленне пачалося толькі ў 1770-я гг. ў часы Аляксандра Міхала Сапегі. Вось некалькі характарыстык, дадзеных яму рознымі асобамі. Свае дзіцячыя і юнацкія гады Аляксандр Сапега правёў у Высокім пад Берасцем. Яго суседам быў Марцін Матушэвіч, які пакінуў каштоўныя ўспаміны аб эпосе сярэдзіны ХVІІІ ст. У гэтых успамінах даецца кароткая, але выразная характарыстыка Аляксандра Сапегі і яго жонкі Магдалены. Па характарыстыцы Матушэвіча можна вызначыць ролю кожнага з супругаў як мэцэнатаў мастацтва. Паводле Матушэвіча, Аляксандр Сапега “з-за мізэрнасці сваіх талентаў ні для парадаў, ні для дзеянняў не годзен”. У 1764 г., перад выбарамі новага караля, Сапегу прасілі прыняць удзел у палітыцы, “але гетман польны аказаўся не толькі ціхага характару, але і скупым, да таго ім кіравала жонка, прыхільніца стольніка Панятоўскага, кандыдата на польскую карону, і ён (Сапега) уступаць ў апазіцыю ніякага жадання не меў”. У двадцаць год Аляксандр Сапега займеў чын генерала-маёра літоўскіх войск, а ў 32 гады атрымаў пасаду польнага гетмана літоўскага, але як вайсковец ніяк сябе не праявіў. Затое стаў вядомы як апякун культуры і мастацтва. У 1772 г. (год першага падзелу Рэчы Паспалітай) Аляксандр Міхал Сапега з жонкай Магдаленай пачалі будаўнічыя работы па рэканструкцыі палацавага комплекса.

Аляксандр Міхал Сапега (1730-1793)
Вышэй было пададзена невялікае апісанне ўмоў, якія ўплывалі на фармаванне новай бібліятэкі Сапегаў у Ружанах. З пабудовай новага палаца з’явілася магчымаць ствараць новы кнігазбор. Аляксандр Міхал Сапега, а потым яго сын Францішак павялічвалі бібліятэку за кошт кніг, напісаных па-французску, альбо перакладзеных на французскую мову: акрамя французскай граматыкі знайшлі ў ёй месца і папулярная ў той час кніга “Жалезная маска, або незвычайныя прыгоды бацькі і сына” (1750) пра таямнічага вязня Бастыліі, эпісталярны раман С. Рычардсана “Невыдуманыя англійскія лісты, або гісторыя кавалера Грандзісана” (1772) ды інш.
Аднак ХVІІІ ст. – гэта яшчэ і эпоха Асветніцтва. Сярод друкарскай прадукцыі таго часу было мноства прац ў галіне дакладных навук, прыродазнаўства, апісанне краін і народаў, філасофскіх трактатаў. Акрамя “лёгкіх” раманаў Сапегі набываюць кнігі М. Сервантэса, Ш. Мантэск’е, Вальтэра. Шмат якія кнігі мелі гравюры-ілюстрацыі. Тут ёсць і жанравая гравюра, і цікавыя ілюстрацыі да навуковай кнігі, напрыклад гравіраваныя малюнкі і чарцяжы да двухтомніка французскага прыродазнаўцы акадэміка А. Гацье.
Сапегі пакідалі на сваіх кнігах экслібрысы. Экслібрыс Аляксандра Міхала Сапегі зроблены як відорыс трыумфальнай аркі, на вяршыні якой алегарычная фігура славы трымае шчыт з двойчы перакрыжаванай стралой – знак герба “Ліс”. Па баках – бюсты мужчын у “сармацкім” стылі з лаўровымі вянкамі на галавах; яшчэ ніжэй, па абодвух баках на прыступках, - нябесныя сферы. П’едэстал аркі заслонены разгорнутымі кнігамі, на старонках якіх лацінскія надпісы: “Помнікі Сапегаў”, “Леў Сапега”, “Архіў Сапегаў”, “Матэматыка”, “Усеагульная гісторыя”.

Экслібрысы Сапегаў
Хоць у ХVІІІ ст. бібліятэка Сапегаў разраслася, але ўжо не служыла інструментам у рабоце. Бібліятэка ператварылася ў агромністы кнігазбор, які мала выкарыстоўваўся, хоць і быў багаты. Можна меркаваць, што ў ім мелася і шмат рукапісаў. Адчуваецца бібліяфільскае стаўленне да кнігазбору: шматлікія экслібрысы, спецыяльныя ды рэдкія выданні, для большасці кніг – уніфікаваны пераплёт з залатым цясненнем. Змяніліся і густы – замест лацінскіх кніг з’явіліся нямецкія, французскія і інш. Сапегі заўсёды сачылі за модай і за навукамі.
Пасля смерці жонкі Аляксандр Міхал Сапега ў 1786 г. перавёз бібліятэку з багатым сямейным архівам у новую рэзідэнцыю ў Дзярэчын. У 1832 г. пасля паўстання ўся маёмасць Дзярэчынскага палаца была канфіскаваная. Бібліятэка, архіў і творы мастацтва былі перавезены ў Гродна, а затым у Санкт-Пецярбург.
Паводле слоў даследчыцы Марыі Каламайскай-Саід да сёння не атрымалася ідэнтыфікаваць ніводнае пазіцыі сярод вывезеных у 1832 г. з Дзярэчына кніг і прынятых у тым самым годзе да Імператарскай Публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу. Сапегаўская бібліятэка падзяліла лёс іншых канфіскатаў, якія былі дуплетнай нагрузкай для Імператарскай бібліятэкі і таму як дуплеты былі размеркаваны ў іншыя ўстановы на абшарах Расійскай імперыі. Працэс перадачы дуплетаў не дакументаваўся, што ўскладняе атаясамленне сапегаўскіх кніг. Але Каламайскай-Саід удалося знайсці каля 300 пазіцый, змест якіх часткова альбо цалкам даступны праз інтэрнэт.
Захаваўся рэестр Другой ружанскай бібліятэкі Сапегаў, які захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага універсітэта. Рэестр складзены ў 1795-1797 гг. пасля смерці Аляксандра Міхала Сапегі. Паводле яго можна вызначыць склад бібліятэкі: навуковая і белетрыстычная літаратура на французскай мове - 2302 кнігі; рэлігійная літаратура на лацінскай і французскай мовах – 44 кнігі; літаратура на польскай мове – 381 кніга; прававая літаратура – 21 кніга; паэзія – 291 кніга; дуплеты 87 кнігі, казанні – 60 кніг, часопісы – 103 асобнікі; пераплеценыя гравюры – 38; творы з гравюрамі – 112; атласы і карты – 5. Разам атрымалася 3444 асобнікі. Як бачна з рэестра, ён складаўся непрафесійна, без бібліяграфічнага апісання. Пераважная колькасць кніг выдадзена на французскай мове – 67 %.
У канцы 1780-х гг.у Ружанскім палацы працаваў ксёндз-гісторык Казімір Кагнавіцкі. Тут ён праглядаў багацейшы архіў Сапегаў, а вынікам яго даследаванняў стала выданне трох тамоў “Жыццяапісання Сапегаў” на польскай мове. Першы том выйшаў у Вільні ў 1790 г., астатнія два – у Варшаве ў 1791 г. Кожны том быў прысвечаны асобнаму прадстаўніку рода, першы – Льву Іванавічу (1557 – 1633), другі – Яну Пятру (1569 – 1611), трэці – Казіміру Льву (1609 – 1656). На дыску, выдадзеным Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, прысвечанаму бібліятэцы Сапегаў ёсць паўнатэкставыя лічбавыя копіі гэтых кніг, таксама кнігі ”Historia illustrissimae domus Sapiehanae” Антонія Міштольда (Вільня, 1724) з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У 2017 г. выйшла на беларускай мове кніга “Гісторыя Сапегаў: жыццяпісы, маёнткі, фундацыі”, якую ўкладаў Яўстаф Сапега, нашчадак магнацкага роду, наш сучаснік.
Яшчэ адной драматычнай гісторыяй для Ружанскага кнігазбора Сапегаў стала вайна 1812 г. Захаваліся ўспаміны саксонскага генерал-лейтэнанта і каралеўскага генерал-ад’ютанта Фердынанда фон Функа, які служыў у французскай арміі і падчас той вайны знаходзіўся ў Ружанах. Успаміны напісаныя на нямецкай мове, на беларускую іх пераклаў даследчык Давід Алег Лісоўскі. Вось урывак, датычны нашай тэмы: “Бібліятэка была абрабаваная і раскіданая. Лепшыя творы забраў Рэйнье, таксама як і добрыя карты і планы. Каштоўную збраёўню забраў таксама ён, яе пагрузілі на два транспартныя вазы, што знайшліся ў карэтным сараі, па чатыры коні кожны”. Як бачна з гэтага ўрыўка, нейкая бібліятэка знаходзілася ў Ружанскім палацы і ў 1812 г.
Захаваліся цікавыя ўспаміны польскага пісьменніка Юльяна Нямцэвіча, які быў у Ружанах у 1819 г. Паводле Нямцэвіча, у Ружанскім палацы ў адным з кабінетаў знаходзілася бібліятэка, аднак невялікая па колькасці кніг. Найбольшую цікавасць уяўляў кабінет рукапісаў, які складаўся з 232 вялікіх тамоў: з канца ХІІ ст. да канца ХVІІІ ст. У скарбніцы яшчэ захоўваўся славуты сапежанскі кубак “Іван”. Палац нікім не быў заняты і знаходзіўся пад наглядам пана Гудоўскага, які служыў Сапегам. Частка тэатральнага корпуса аддадзена была пад суконную фабрыку, а другая – пад склад збожжа. Надыходзіла новая эпоха. За ўдзел апошняга ўладальніка Ружанаў Яўстафа Сапегі ў паўстанні 1830 - 1831 гг. усе ўладанні Сапегай, у тым ліку і Ружаны, былі канфіскаваны расійскімі ўладамі, сам князь эміграваў у Францыю, дзе памёр у 1860 г.
Яшчэ засталося шмат неразгаданых таямніц Ружанскай бібліятэкі Сапегаў, таму напісанне яе больш поўнай гісторыі чакае сваіх даследчыкаў.