Затушаваныя краявіды
Пра кнігу: Кніга аўстрыйскага пісьменьніка й рэпартэра Марціна Полака прысьвечаная праблемным аспэктам культуры памяці ў грамадзтвах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. У Беларусі, Украіне, Славеніі, Польшчы, Аўстрыі ды іншых краінах існуе бясконцая колькасьць масавых пахаваньняў, не ўшанаваных як сьлед. Больш за тое, многія масавыя магілы, дзе ляжаць целы ахвяраў, забітых без суду й сьледзтва камуністычнымі або нацысцкімі катамі, нават не пазначаныя ў публічнай прасторы. Прыгожыя краявіды гэтых краін хаваюць у сабе сьляды масавых забойстваў, якія выпадкова можна выявіць нават і сёньня.
Пакуль памяць пра гэтых ахвяр ня будзе вернутая, а месцы іхных пахаваньняў ня будуць увекавечаныя, гэтая страшная, крывавая гісторыя можа даваць рэцыдывы й у нашыя дні.
Выданьне "Затушаваныя краявіды" будзе карысная беларускаму чытачу тым, што Беларусь у ёй пастаянна фігуруе як адна з авансцэнаў сатанінскай дзеі, калі ўлады ня толькі забіваюць людзей, але й мэтаскіравана вынішчаюць усялякую памяць пра іх. Як піша аўтар, часта адпаведныя органы ведаюць, дзе прыкладна знаходзяцца масавыя пахаваньні, аднак не праводзяць дакладнае лякалізацыі, ня кажучы ўжо пра расьсьледаваньне падзеяў і ўзьвядзеньне мэмарыялаў. Магчыма таму, што гэта прывядзе да палітычна непажаданых наступстваў, або таму, што праўды яны баяцца болей, чым крывавых зданяў мінулага. Яны спадзяюцца, што гэтых зданяў можна ўлагодзіць ці ўтаймаваць маўчаньнем і прадпісаным зьверху забыцьцём, а праўда ж, наадварот, ня ведае літасьці.
Кніга Марціна Полака – гэта выдатны ўзор літаратуры факту з элемэнтамі рэпартажу, вуснае гісторыі й гісторыі штодзённасьці. У Беларусі мы добра ведаем гэты жанр па творах Алеся Адамовіча й Сьвятланы Алексіевіч. Толькі што аўтарская пэрспэктыва тут яшчэ больш бескампрамісная да ўсіх праяў хлусьні й прапаганды.
Названае выданьне выклікае цікавасьць чытачоў у розных краінах. Яно даступнае на нямецкай, польскай, італьянскай, украінскай, а цяпер і беларускай мовах!
Пераклад зь нямецкай мовы Веры Дзядок. ? 2-е выданне
-
Аўтар
Марцін Полак -
Фармат выдання
110Х165 -
Колькасць старонак
112 -
Год выдання
2018 -
Пераплёт
Мяккі пераплёт -
Выдавецтва
Інбелкульт -
Мова выдання
Беларуская -
Вага г.
195