Змітрок Бядуля. Казкі
Пра кнігу: Серыя «Кнігі нашага дзяцінства» папоўнілася зборнікам твораў яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры. Выданне «Змітрок Бядуля. Казкі» адкрываецца творам з назвай «Скарб», якая добра пасуе да ўсёй самой кнігі. Невялікая па аб’ёме – усяго на чатыры казкі – кніга заклікана заваражыць, зачараваць чытача, які робіць першыя крокі ў свеце беларускай літаратуры, а чытачу дасведчанаму падорыць дотык да почырку двух беларускіх талентаў: літаратурнага і мастацкага. Аздоблена выданне ілюстрацыямі мастачкі Алены Лось з кнігі З. Бядулі «Дзень добры!» 1974 г. выдання, што цешыла не адно пакаленне беларусаў сваёй дасканаласцю. Адным словам, сапраўдны скарб! «Куфэрак» жа – кніга, якая гэты скарб захоўвае, – мае і каштоўны дадатак. Пад вокладкай, як пад вечкам, – кароткі інфармацыйны артыкул «Ад Ясакара да Бядулі», у якім пададзены асноўныя біяграфічныя звесткі пра Змітрака Бядулю. На «донцы», у канцы кнігі, – сюрпрыз: фотаздымак мастачкі Алены Лось, а таксама асноўныя звесткі пра яе. Гэтыя дадаткі палегчаць працу бібліятэкараў, педагогаў ды і кожнага дарослага, які намерыцца падрыхтаваць тэматычныя заняткі альбо возьмецца чытаць і абмяркоўваць кнігу разам з дзецьмі. Кніга З. Бядулі «Казкі» – цудоўны падарунак чытачам. Яна як нітачка з чароўнага казачнага клубочка – праз узорнае мастацкае слова і дыхтоўнае аздабленне пракладае сцежачку з мінулага ў сучаснасць, нітуе ўчарашні і сённяшні дзень у палатно будучыні. Выданне мае зручны фармат, лёгкае – таму не абцяжарыць заплечнік школьніка. Мае адзіны недахоп – прачытваецца на адным дыханні і хутка заканчваецца. Але гэта, будзем спадзявацца, паслужыць нагодай для наступнага візіту ў бібліятэку. Укладанне кнігі і падрыхтоўка інфармацыйных звестак здзейснены пісьменніцай Аленай Масла.
-
Аўтар
Бядуля Змітрок -
Фармат выдання
160Х240 -
Колькасць старонак
32 -
Год выдання
2021 -
Пераплёт
Мяккі пераплёт -
Выдавецтва
Беларусь -
Мова выдання
Беларуская -
Вага г.
150