Язэп Драздовіч
Пра кнігу: Сумесны праект выдавецтва "Беларусь" і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Серыя прадстаўляе болей за 30 мастакоў з Беларусі, творы якіх выстаўлены як у сталай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, так і ў іншых музеях света.
У кожным міні-альбоме распавядаецца пра жыццё і творчы шлях мастака, прадстаўленыя яго творы. Тэкст друкуецца на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Першыя малюнкі Язэпа Драздовіча — «Трызна мінуўшчыны», «Брама будучыні» зробленыя ў 1907 годзе пад уплывам Мікалоюса Чурлёніса. Сімвалічны сэнс мелі і зробленыя мастаком вокладкі «Першага беларускага календара на 1910 год», кнігі Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» (1914), «Школьнага спеўніка» Антона Грыневіча (1920), і інш. 3 самага пачатку сваёй творчай дзейнасці выкарыстоўваў гістарычныя рэаліі і матывы. Намаляваў у рэалістычным характары серыю графічных краявідаў «Дзісеншчына» з сялянскімі сядзібамі і палеткамі, у карцінах гэтай серыі мастак даў паэтычны вобраз роднага краю («Стадолішча», «Вёска Лаўрынаўка», «Гараватка», «Пунькі», «Александрыя», «Стары вадапуск», «Над Дзісёнкай» і інш.). У канцы 1910 — пач. 1920-х стварыў графічныя серыі «Старажытны Менск», «Заслаўе», «Старажытная будоўля на Беларусі», «Вежа Празор», «Менск, Высокае месца», «Месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач». Графічныя малюнкі Язэпа Драздовіча ўпрыгожылі падручнік геаграфіі Аркадзя Смоліча. На мяжы 1910—1920-х зрабіў графічныя партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, у тым ліку Усяслава Чарадзея, жывапісныя карціны «Спаленыя сядзібы», «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя», «Пагоня Ярылы», альбом графікі «Глыбокае». У гэты час Язэп Драздовіч склаўся як мастак гістарычнай тэмы. У 2-й пал. 1920-х гадоў стварыў вялікія графічныя серыі (па 14—16 лістоў) «Глыбокае», «Піншчына», «Мір», «Любча», «Шчорсы», «Наваградак і Наваградчына», «Ліда», «Крэва», «Гальшаны», «Баруны», «Трокі», «Меднікі», «Кушляны», «Жупраны», прысвечаныя гарадзішчам, замкам і культавым збудаванням, жывапісныя партрэты Францішка Скарыны і Францішка Багушэвіча. Шэраг твораў гэтай серыі вызначаюцца мастацкай завершанасцю, пранікнёнасцю. У гэты час мастак шмат вандраваў па Дзісеншчыне, Піншчыне, дзе рабіў графічныя замалёўкі, збіраў этнаграфічныя матэрыялы для «Беларускага этнаграфічнага слоўніка». У 1927 годзе і 1-й пал. 1940-х гадоў напісаў некалькі карцін і акварэлей, прысвечаных Францішку Скарыне. Паводле матываў «Слова пра паход Ігараў» напісаў карціну «Песня Баяна». У 1940—1946 гадах вяртаецца да матываў мінулага — карціны «Палачане выганяюць накінутага ім князя», «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Пярсцёнак Усяслава Чарадзея». Язэп Драздовіч — пачынальнік (у пач. 1930-х) касмічнай тэмы ў выяўленчым мастацтве: серыі «Жыццё на Марсе», «Артаполіс», «Жыццё на Венеры» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (1932), «Космас» (1940).
Маляваў насценныя дываны, адметныя арыгінальнай пабудовай кампазіцыі (сюжэтны малюнак у цэнтры з расліннай абмалёўкай). Працаваў у галіне скульптуры: бюст Францішка Скарыны (1916), «Плач Гарыславы» (выява полацкай княжны Рагнеды, 1916), партрэты-барэльефы Міхася Машары, Антона Грыневіча, Янкі Пачопкі, сваёй маці.
-
Фармат выдання
100x100 -
Колькасць старонак
80 -
Год выдання
2025 -
Пераплёт
Цвёрды пераплёт -
Выдавецтва
Беларусь -
Вага г.
200
