Яна Тры Ён (Яна-тры-ён). Тэксты

Пра кнігу: Выданне прысвечанае літаратурнай суполцы "Яна-Тры-Ён", якая, акрамя яскравых літаратурных выступаў, пакідае пасля сябе і шэраг запамінальных акцыяў і перформансаў.

ЗМЕСТ:

(1) "Яна-тры-ён": людзі і падзеі
(2) Канцэпцыі і анатацыі выбраных перформансаў
(3) Літаратура "Яна-тры-ёну"


Гісторыя суполкі: спроба самааналізу

...Усё пачалося вельмі нечакана. Нашыя перформансы з'явіліся на свет спантанна нават для нас саміх. Дапамагла нейкім своеасаблівым "імпульсам" нарадзіцца "Яна-тры-ёну" наша знаёмая Наталля Кузьміч, якая працуе ў бібліятэцы Барысаўскага педкаледжа. Наталля патэлефанавала неяк і папрасіла дапамагчы ёй правесці літаратурную вечарыну, якая і адбылася 15 лютага 2005 года і прысвячалася, натуральна, учорашняму Дню Святога Валянціна. Наталля звярнулася да нас як да маладых літаратараў са сталіцы – дарэчы, сама яна таксама піша вершы, – і мы першапачаткова запланавалі проста "напаўбанальную" літаратурную вечарыну. "Дапамажыце мне, бо так будзе прасцей для мяне: прадставіць вас, – казала па тэлефоне Наташа, – а далей вы пачытаеце нешта са свайго, натуральна, у межах тэматыкі Дня Валянціна..."

Але ўсё было значна складаней. Сябры і тагачасныя студэнты розных навучальных устаноў – Воля Рагавая, Юрась Ленскі і я, Адам Шостак – пагадзіліся і, доўга не разважаючы, паехалі ў Барысаў. Нехта з нас забіў у той дзень на пары: вечарына мусіла адбыцца а 18-й ці нават а 19-й гадзіне, але выехалі з Менска мы ўжо а 12-й. 3 тым разлікам, што нас будуць высаджваць кантралёры, і хоць на трэцім ці чацвёртым электравіку мы дабяромся да Барысава. 3 дарогай нам пашанцавала, і мы прыехалі на двух цягніках толькі з адной высадкай.

Урэшце мы трапілі на Барысаўскі вакзал вельмі рана, і ў нас заставалася гадзіны з тры да пачатку ўласна "мерапрыемства". Утраіх мы вырашылі трошку пасоўгацца па незнаёмым дагэтуль горадзе... І, напэўна, зімовыя краявіды рэчак Cxi і Беразіны былі настолькі натхняльнымі, што наш выступ са звыклага "афіцыёзнага" чытання вершыкаў ператварыўся ў своеасаблівае сцэнічна-імправізацыйнае відовішча... Рухамі, пластыкай мы дапамагалі адно аднаму. Юрась бегаў па аўдыторыі і ўглядаўся ў вочы дзяўчатак. Воля вельмі дзіўна канцэнтравала ўвагу не ўласна на самім тэксце ейных твораў і нават не на кантэксце, але на нейкім "пазатэксце". А я ва ўвесь ход пусціў усе навакольныя прадметы падчас чытання: прынамсі, узяў у рукі вазон з кветкай, які стаяў на падваконні, і гэтай кветачцы прачытаў свой "Дыягназ: імпульс кактуса". Праўда, бедная кветка ледзь не выслізнула з рук, але ўсё абышлося добра.

Адам Шостак

  • Аўтар
    Беняш-Крывец
  • Фармат выдання
    140Х65
  • Колькасць старонак
    95
  • Год выдання
    2010
  • Пераплёт
    Мяккі пераплёт
  • Выдавецтва
    Галіяфы
  • Мова выдання
    Беларуская
  • Вага г.
    60
/public/images/books/P0OuswSyr7ex2CNg8Yd5.jpg
2.00 Руб
Няма ў наяўнасці
Гэтую кнігу больш нельга купіць або замовіць
Падпісвайцеся на наш профіль у Instagram!