Паштарская казка
Пра кнігу: Кніга Карэла Чапэка незвычайная: яе старонкі з’ядноўвае спружынка, як у нататніку, брашура зроблена ў выглядзе канверта, які можна нават падпісаць... Ну а сам тэкст, аздоблены дзівоснымі ілюстрацыямі маладой мастачкі Крысціны Пержуковай, перанясе нас у Чэхію, дзе вельмі сумленны паштар і лістаноша Калбаба з дапамогай паштовых гномаў спрабуе раскрыць таямніцу: каму адрасаваны непадпісаны ліст з прызнаннем у каханні?
Цудоўны дынамічны сюжэт, добры гумар, сакавітыя слоўцы — усё перададзена як найлепш перакладчыкам Сяргеем Сматрычэнкам. Нават слоўнічак у канцы кнігі прыведзены, з якога вы даведаецеся, хто такія жмінда і карузлік, а таксама што нашы продкі называлі картачных даму і валета вышнікам і ніжнікам.
Фрагмент з кнігі:
"Вось цікава: калі могуць быць казкі пра ўсялякія рамёствы ды прафесіі, скажам, пра каралёў і прынцаў, пра разбойнікаў і пастухоў, пра рыцараў і чараўнікоў, пра асілкаў і дрывасекаў або пра вадзянікоў, то хацеў бы я ведаць, чаму б не магло быць таксама казкі пра паштара? Вы толькі ўявіце: гэткае паштовае аддзяленне — гэта ж амаль зачараванае месца, там проста цёмна ад шыльдаў накшталт: “Курыць забаронена” ці “Уваход з сабакамі забаронены” і розных такіх папераджальных надпісаў. Кажу вам, столькі загадаў ды цыркуляраў не маюць у сваіх канторах нават чарадзеі ды цмокі. Ужо толькі з гэтага відаць, што пошта — месца таямнічае і магічнае. А да таго ж, дзеці, вось скажыце: хіба хоць нехта некалі бачыў, што дзеецца на пошце ўначы, калі яна замкнёная? Гэх, хацелася б мне гэта ўбачыць! Зрэшты, адзін спадар — каб вы ведалі, то быў спадар Калбаба, прафесіяй паштар і лістаноша — гэта напраўду пабачыў і расказаў пра ўбачанае астатнім паштарам і лістаношам, а тыя, у сваю чаргу, пераказалі і іншым — так гэта ўсё данеслася і да мяне, а я не такі жмінда, каб усё пакінуць толькі сабе. Дык не будзем цягнуць, вось як яно ўсё пачалося.
Неяк таму спадару Калбабу, прафесіяй паштару і лістаношу, абрыдла яго паштарскае рамяство: толькі ўявіце сабе, колькі гэткі лістаноша находзіцца, набегаецца, натупаецца, нацягаецца, налётаецца ды наганяецца, перш чым разнясе пошту… "
Пераклад з чэшскай Сяргея Сматрычэнкі; мастак Крысціна Пержукова.
-
Аўтар
Чапэк Карэл -
Фармат выдання
205Х270 -
Колькасць старонак
23 -
Год выдання
2014 -
Пераплёт
Мяккі пераплёт -
Выдавецтва
Мастацкая літаратура -
Мова выдання
Беларуская -
Вага г.
100