Мора Мары
Пра кнігу: Паэзія Ванды Марцінш душ Рэйш дужа рэдкая, анамальная з’ява. Свае вершы Ванда Марцінш праз усё жыццё пісала “ў стол”, “для сябе”, “для душы”, пісала, арыентуючыся хіба на беларускую й замежную класіку. І гэтая “ізаляцыя” толькі пайшла ёй на карысць. Калі я ўпершыню прачытаў творы паэткі, мне здалося, што я чытаю нейкую “прапушчаную” старонку беларускай класікі. Здзівіла некранутая свежасць вершаў, жыццярадаснае, такое рэдкае ў наш час, светаўспрыманне, сакавітыя, “барочныя” фарбы. Некаторыя “пейзажныя” вершы Ванды Марцінш чытаюцца як “хрэстаматыйныя”. Яна — ці не першая ў беларускай паэзіі паэтка-“марыністка”. Сярод партугальскіх і шатландскіх краявідаў, архітэктуры, культуры, традыцыяў, гісторыі яна пачувае сябе “па-свойску”, утульна, у гармоніі (Алег Мінкін).
ВЕРШ З КНІГІ
Мора Мары*
На беразе мора набуду хаціну
І буду я стому на шпацыр вадзіць,
Упраўна пісаць па начах успаміны
І вершамі палкасць душы халадзіць.
Пад ціхі напеў ружавеючай далі
Завабіць Марфей у пасцель раніцой,
А вецер між скал змеле бурныя хвалі
Ў кашлата-брунатны бязважкі прыбой.
Расчараванняў і страт анальгетык —
Мора і сну суцяшальны спарыш —
Сэрца загоіць і высвенціць гэтак,
Каб я і далей шчыра несла свой крыж...
На беразе мора набуду хаціну.
Свой верш развітальны, як першы, складу.
І зноў да людзей. Толькі мо напамінам
Кавалачак неба з сабой пакладу.
* Мора Мары – “мора” на зваротным баку Месяца
-
Аўтар
Марцінш душ Рэйш Ванда -
Фармат выдання
130х200 -
Колькасць старонак
136 -
Год выдання
2020 -
Пераплёт
Мяккі пераплёт -
Выдавецтва
Кнігазбор -
Мова выдання
Беларуская -
Вага г.
280
