Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, et cetera. Казка, навэлы
Пра кнігу: "Эрнст Гофман пераварочвае нашыя ўяўленні пра свет – падчас чытання яго твораў заўважаеш, што пачынаеш глядзець на звычайныя рэчы зусім новымі вачыма. У гофманаўскіх творах нават курдуплік Цахес дзякуючы намаганням феі можа калі не ператварыцца, дык хаця б падацца Глюкам, а дзівосны Глюк, рыцар ордэна Залатой Шпоры, – дзіваком, вар’ятам і духам-адлюднікам. Гофманаўская проза – гэта самая сутнасць паэзіі і музыкі, якія, аднак, выяўленыя без выкарыстання звычайных для музыкі і паэзіі сродкаў. У гэтым – каштоўнасць таленту пісьменніка і ў гэтым – таямніца той асалоды, якую нам дораць яго творы. Ніводная універсітэцкая праграма па замежнай літаратуры, якой бы сціслай яна ні была, не можа лічыцца вартай увагі, калі там няма твораў Гофмана, а дзякучы мэтру беларускага перакладу Васілю Сёмуху творы нямецкага рамантыка, прычым творы абсалютна хрэстаматыйныя і непрабіўна класічныя, цяпер можна чытаць па-беларуску." (Ганна Янкута)
У склад кнігі ўваходзіць казка “Курдупель Цахес, якога звалі Цынобэр” з наступным каментаром, а таксама два апавяданні – “Рыцар Глюк” і “Дон Жуан”, пераклады якіх друкаваліся да гэтага ў часопісе “Крыніца (1996, № 420) і пасля якіх каментара відавочна не стае. Перакладам папярэднічае прадмова (а дакладней, нешта накшталт артыкула “замест прадмовы”) ад перакладчыка, у якой, дарэчы, згадваецца, што пераклад прысвячаецца светлай памяці У. Караткевіча. Што прыемна, у пачатку кнігі даецца адсылка да крыніцы тэксту – а гэта, безумоўна, не можа не надаць перакладу пэўнае акадэмічнае важкасці (разгарнуўшы некалькі іншых беларускіх перакладных кніг, што выпадкова трапілі пад руку, мушу зазначыць, што такая адсылка для нас – рэдкасць, зрэшты, як і каментары да тэксту).
Апавяданні “Рыцар Глюк” і “Дон Жуан” маюць у перакладзе В. Сёмухі крыху іншае гучанне, якое аўтарцы артыкула, выхаванай на рускамоўных перакладах Э. Гофмана, падаецца больш блізкім і традыцыйным (але тут справа ідзе пра тую традыцыю, якая адчуваецца зноў жа праз рускія пераклады). Магчыма, гэта абумоўлена жанрам твораў – калі казка, нават літаратурная, пэўным чынам звязаная з народнай творчасцю, то апавяданні ў большасці выпадкаў такой сувязі не маюць.
Пераклад з нямецкай Васіля Сёмухі
-
Аўтар
Гофман Эрнст Тэадор Амадэй -
Фармат выдання
125Х195 -
Колькасць старонак
212 -
Год выдання
2008 -
Пераплёт
Мяккі пераплёт -
Выдавецтва
VivaFutura -
Мова выдання
Беларуская -
Вага г.
270