Беларускі кнігазбор. Ніл Гілевіч. Выбраныя творы

Пра кнігу: Кнігу выбраных твораў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча (нар. 1931) склалі найбольш значныя творы розных жанраў – вершы, паэмы, раман у вершах "Родныя дзеці", празаічная аповесць "Перажыўшы вайну", эсэ пра славутых дзеячаў літаратуры, публіцыстыка.

Сорак восьмы том кніжнага праекта "Беларускі кнігазбор".


НА ПРАСВЕТЛЫМ АЛТАРЫ РАДЗІМЫ.
(урывак з прадмовы да кнігі Уладзіміра Конана)

Амаль за шэсцьдзесят гадоў жыцця ў літаратуры Нілу Гілевічу, здаецца, не здрадзіла муза паэзіі. Можа, калі-небудзь і пакідала яго, але па малітве паэта зноў вярталася. На еўрапейскім паэтычным кантыненце ёсць беларускі феномен: паэзія песеннага складу захавалася ў творчасці Н. Гілевіча і яго сучаснікаў, не страціла перспектывы на будучыню. Нават асвоіла іншыя жанры – палемічную публіцыстыку, красамоўства, дыдактычнае асветніцтва, эпічныя жанры, у тым ліку раман, аповесць, апавяданне. Як быццам адбылася сустрэча літаратурнай сучаснасці з антычнасцю, рэнесансам, класіцызмам, калі паэты былі таксама аратарамі, палітыкамі, асветнікамі, публіцыстамі, пісалі філасофскія, навуковыя, эстэтычныя трактаты гекзаметрам або сілабічным вершам.

Нілу Гілевічу пашчасціла быць нашчадкам моцнага сялянскага роду. Надзіва жывучага народа, які за чатыры стагоддзі перажыў шмат апакаліптычных катастрофаў, некалькі разоў губляў адну трэцюю частку, аднойчы нават палову, сваіх суайчыннікаў. Перацярпеў у мінулым стагоддзі дзве сусветныя вайны, бальшавіцкі і фашысцкі генацыд, галапуючую індустрыялізацыю і гвалтоўную калектывізацыю. Выжыў, да апошняга часу заставаўся гарантам гістарычнага быцця нацыі і нацыянальнай культуры. Ніл Гілевіч сваім творчым абліччам і сялянскай рупнасцю на ніве роднай культуры сёння ўсё яшчэ сведчыць аб праўдзівасці вядомага афарызма: духоўнае і нацыянальнае Адраджэнне заўсёды нараджае пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў універсальнага таленту і моцнага характару. Паэта, як кожнага беларуса, ратавала не так фізічная, як духоўная моц – вера, надзея і любоў. Пра гэта Ніл Гілевіч хораша сказаў напаўдарозе свайго творчага шляху ў вершы "Мой белы дзень":

I я стаяў над прорвай роспачы,
I ноч мне цемрыла душу.
I думаў, ліст слязою росячы:
Нічога больш не напішу.
Але вяртаўся промень страчаны,
У сэрцы плавіўся лядзень,
I зноўку вера ў слова матчына
Свяціла мне, як белы дзень...

  • Аўтар
    Гілевіч Ніл
  • Фармат выдання
    130х200
  • Колькасць старонак
    600
  • Год выдання
    2009
  • Пераплёт
    Цвёрды пераплёт
  • Выдавецтва
    Кнігазбор
  • Мова выдання
    Беларуская
  • Вага г.
    610
/public/images/books/EmhIQe5Oa9Y6oKBpACkv.jpg
40.00 Руб
Няма ў наяўнасці
Гэтую кнігу больш нельга купіць або замовіць
Падпісвайцеся на наш профіль у Instagram!