Гэй Бэн Гіном

Пра кнігу: "Ёсць людзі, якія бачаць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць". Так пачынае Уладзімір Некляеў свой новы раман "Гэй Бэн Гіном", што значыць "Геена вогненная".
Першы сказ рамана - ягоны сціслы змест. Ідэя, якая ў пытанні: "Мы самі выбіраем свой шлях, ці выбіраюць за нас?".
Раман пра Беларусь і беларусаў. Пра Янку Купалу. Пра ягоны лёс, таямніцу ягонай гібелі ў гатэлі "Масква". І аўтар вядзе нас да гэтай таямніцы.

"Гэты раман аматары беларускай літаратуры чакалі. Гадоў пяць таму Уладзімір Някляеў у адным з інтэрв'ю сказаў, што піша раман пра Купалу, дакладней пра таямніцу яго смерці. А таямніца смерці Купалы – хіба адна з галоўных таямніц беларускай літаратуры. Праўда, працуючы над раманам, Някляеў зразумеў, што гэтую таямніцу нельга разгадваць да канца, інакш таямніца знікне незваротна. І тады аўтар вырашыў увесці ў твор яшчэ аднаго персанажа, маладога паэта Віктара Маргера, які мае аўтабіграфічныя рысы. Увогуле гэта містычны раман, штосьці на ўзор «Майстра і Маргарыты» Міхаіла Булгакава. Янку Купалу ажыўляюць пасля смерці і ён робіцца сведкам розных падзей, у тым ліку і сваёй крэмацыі. Пасля смерці яго зноў арыштоўваюць і прывозяць на сустрэчу са Сталіным. З гэтай сустрэчы стала зразумела, чаму савецкія ўлады раптам змянілі стаўлення да Народнага паэта Беларусі. А здарылася наступнае: у Менску нямецкія акупацыйныя ўлады адну з вуліц назвалі імем Івана Луцкевіча, пасля чаго на стале Сталіна з'явіўся данос, маўляў, немцы ўшаноўваюць Янку Купалу. Але Купала меў іншае, хоць і сугучнае, прозвішча – Луцэвіч. А Іван Луцкевіч – гэта адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты «Наша ніва», актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя. Ён памёр яшчэ ў 1919 годзе. Але, як бачым, прычына пакараць Купалу ў НКВД была сур'ёзная. І ўжо не вельмі істотна, хто канкрэтна выканаў смяротны прысуд, вынесены Сталіным. У рамане Купала сустракаецца з каханкай, яго дапытвае камісар НКВД Мяркулаў, удзельнічае ў розных дыскусіях, у тым ліку нават з Хрыстом, а прыканцы рамана яго нават укрыжоўваюць на адным крыжы разам са Сталіным. Адбываецца нібыта суд, падчас якога Купалу апраўдалі і знялі з крыжа. Паралельна аўтар апавядае пра жыццё і прыгоды паэта, студэнта літінстытута Віктара Маргера, які пазнаёміўся ў Маскве з дачкою члена Палітбюро Грачына. І жыццё яго рэзка пачынае мяняцца – перад ім адчыняюцца ўсё новыя і новыя дзверы. Яго запрашаюць у розныя ўрадавыя паездкі, ён бывае на дачы ў Грачына і нават аднойчы выпівае там разам з Леанідам Брэжневым. І Грачын спрыяе таму, каб Маргер прывітаў вершамі з'езд КПСС ад імя савецкай моладзі. Пасля чаго многія ранейшыя сябры пачалі яго пазбягаць. Але і сам Маргер разумее, што з ім адбываецца штосьці не тое, што гэта яго зацягвае і трэба з гэтага выбірацца. Ён з'язджае ў роднае Крэва і пачытае там пісаць раман пра Купалу. Але яго не пакідаюць у спакоі. І зноў ён апынаецца ў Маскве ў віры падзей. У рамане шмат філасофскіх развагаў пра прыроду творчасці, пра ролю асобы ў гісторыі, пра рэлігію, пра таталітарызм у СССР. Шмат дзіўных здарэнняў і сустрэчаў, напрыклад, з Індзірай Гандзі, або з Ярузельскім. У падзеях удзельнічаюць шмат паэтаў, якія хоць і маюць змененыя прозвішчы, але лёгка пазнаюцца – Барадулін, Бураўкін, Стальцоў, Караткевіч, Еўтушэнка, Вазнясенскі, Раждзественскі і іншыя. Як прызнаецца аўтар рамана, большасць падзей, якія адбываюцца з імі, - рэальныя. Раман напісаны ў сучасным стылі, і ў прынцыпе, з'яўляецца ўніверсальным, бо свой Купала, які зазнаў трагедыю праз канфлікт з уладай, ёсць практычна ў кожнага народа...". ( livelib.ru).

  • Аўтар
    Някляеў Уладзімір
  • Фармат выдання
    145Х205
  • Колькасць старонак
    612
  • Год выдання
    2022
  • Пераплёт
    Цвёрды пераплёт
  • Выдавецтва
    Выдавец Зміцер Колас
  • Мова выдання
    Беларуская
  • Вага г.
    500
59.00 Руб

Іншыя кнігі аўтара

Ацаніце сайт, калі ласка!