Гасцініца "Бельгія"

Пра кнігу: Каханне, Горад і Час - галоўныя героі гістарычнага рамана "Гасцініца "Бельгія" прысвечана адной з самых прыгожых, амбітных, яскравых і трагічных старонак з жыцця беларускай літаратуры.

"Мне важна адзначыць, што ў рамане "Гасцініца "Бельгія" амаль няма мастацкага вымыслу. У кожным разе, ён тут мінімальны. Я імкнулася аднавіць прастору і час такімі, якімі яны сапраўды маглі быць з 1925 па 1932 год, і на гэтым няпростым, але захапляльным шляху зразумела, колькі багаццяў хавае ў сабе наш горад, ягоныя вуліцы і завулкі, колькі намаганняў - валанцёрскіх, нічым не аплочаных! - прыкладаюць менскія гісторыкі, краязнаўцы, экскурсаводы дзеля таго, каб аднавіць і захаваць горад такім, якім ён быў, распавесці і перастварыць ягоныя легенды, не даць загінуць у вечнасці ягоным жыхарам. Калі вам, як і мне калісьці, падаецца, што Менск - горад без гісторыі, без харызмы, без легенды, не верце сабе. У Менску ёсць ўсё - мы проста лянуемся ведаць і шукаць." (Ганна Севярынец)


"Яна бездапаможна рыпела, гайдалася, дрыжэла, мігцела спужанымі вачыма, стагналі пад хуткімі крокамі прыступкі, млелі ад страху дзверы і настойліва грукала у чаканні дапамогі мітуслівая фортачка.
Злева па-за дахамі суседніх дамоў узносілася ў вечаровае лістападаўскае неба карункавая вежа Чырвонага касцёла, дымілі коміны, па белай вуліцы цягнуліся ланцужкі слядоў, зліваліся ля “Бельгіі” у рудую раку і ўпадалі ў двор. Тут дрыжэў на вятры шэры глог, упрыгожаны чырвонымі ягадамі, хаваліся ў куце бязлістыя бэзавыя кусты, бялела каменная адрына, значна свяжэйшая і прыгажэйшая за саму “Бельгію”, і вабілі выпадковага госця жоўценькія, толькі-толькі абструганыя прыступкі.
Той, хто надумаў бы спыніцца зараз у двары “Бельгіі”, абавязкова адчуў бы сябе асабліва самотным і пакрыўджаным: так заўсёды адчуваеш сябе халодным вечарам на пустой вуліцы побач з чужым гаманкім святам. А свята там было — ого якое: кожную хвіліну жоўтыя вокны выбухалі дружным рогатам, раз-пораз пачыналіся спевы, звінеў дзявочы смех, бразгалі талеркі і весела біліся шклянымі бачынкамі адно аб адно поўныя кілішкі.
Ніколі такога не бачыла раней ціхмяная, прыстойная “Бельгія”. Ад самага свайго нараджэння — акурат перад вайной, у дзевяцьсот трынаццатым, тады яшчэ гасцініцай яна не была — давала будыніна прытулак спакойным і добранадзейным людзям: фармацэўту Нянкоўскаму, зубному доктару Альпяровічу, і нават артылерыйскі маёр Паўлаў, жывучы ў дваццаць пятым доме, такі ўжо ціхмяны чалавек быў, гнілому цяляці хваста не адарваў бы — а мо, то не дом вінаваты быў, а ягоная кантузія." (Гасцініца "Бельгія")

  • Аўтар
    Ганна Севярынец
  • Фармат выдання
    135Х200
  • Колькасць старонак
    376
  • Год выдання
    2019
  • Пераплёт
    Мяккі пераплёт
  • Выдавецтва
    Рэгістр
  • Мова выдання
    Беларуская
  • Вага г.
    300
20.00 Руб
Ацаніце сайт, калі ласка!