Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня народзінаў беларускага пісьменніка Кастуся Тарасава (10 кастрычніка 1940 г.) У прыватнай гутарцы Кастусь Тарасаў расказаў гісторыю са свайго ранняга дзяцінства, пра якую даведаўся ад сваіх блізкіх. Яна адбылася ў акупаваным немцамі Мінску.
Кастусь Тарасаў
Гэта гісторыя звязаная з прыходам да іх дахаты двух нямецкіх салдат, якія запатрабавалі, каб ім вымылі вопратку. З дарослых была дома толькі бабуля Ядзвіга. Пакуль яна займалася праннем, адзін з салдатаў пасадзіў маленькага Кастуся сабе на калені і пачаў з ім гуляцца. У хлопчыка ў маленстве былі рудыя валасы і немец прыняў яго за габрэйскага дзіцёнка, выхапіў нож і збіраўся нанёсці ўдар па галаве. Выратавала ўнука бабуля, якая пачала крычаць і тлумачыць, што яны палякі, прынесла метрыку, пасля чаго немец хутка супакоіўся і быў гатовы ізноў гуляцца з маленькім Кастусём. Пасля таго жудаснага выпадка бабуля адвяла хлопчыка ў касцёл і ахрысціла. Крыжык на шыі мусіў аберагаць дзіцёнка ад пагрозы расправы.
Ядзвіга Матусевіч
Бабуліна прозвішча было Матусевіч. Пісьменнік узяў яго ў якасці літаратурнага псеўданіма.
Вось як ён напісаў пра тое ў прадмове да сваёй аповесці “Поўня”, урыўкі з якой былі апублікаваныя ў адным з нумароў газеты “Літаратура і мастацтва” за 1986 год:
“Хачу растлумачыць, чаму я тут карыстаюся псеўданімам, а не сапраўдным прозвішчам – Тарасаў. Кастусь Матусевіч – мой літаратурны “зарэгістраваны псеўданім”, які я больш за 15 гадоў назад са зразумелым кожнаму пачаткоўцу жахам паставіў пад сваім першым апавяданнем. Пісаў я тое апавяданне па-беларуску, а потым і шэраг нарысаў падпісываў гэтым псеўданімам, дарагім мне, бо гэта прозвішча маёй маці і бабулі, менавіта якая і надарыла мяне любоўю і ўвагай да мінуўшчыны. Але стыхія гарадскога выхавання, школы, інстытута, працы на заводзе і ў выдавецтве, наогул, асяроддзе схіляла да карыстання рускай мовай. Тое, што пісаў па-руску, падпісваў – Тарасаў. Новую аповесць напісаў на роднай мове, і бабулін цень, як клапатлівы захавальнік і ахоўнік, адлюстраваны ў гэтым псеўданіме, нейкім чынам мне дапамагае…”. Аповесць “Поўня” аўтар пазней перайменаваў у “Нячутныя гукі самоты”.
Абразок Маці Боскай, які належыў Ядзвізе Матусевіч
Асэнсаваная трагедыя беларускага народа знайшла сваё адлюстраванне ў шматлікіх творах пісьменніка, у прыватнасці, ў кнізе “Крыж памяці, меч лёсу”: “Хроніка падзей нашай гісторыі сведчыць, што змест жыцця народа праз стагоддзі складала найперш фундаментальная патрэба – застацца ў жывых. Часцяком проста на біялагічным узроўні, апошнія гадоў з двесці ў дадатак – і як самастойны этнас. А ўсё астатняе адсюль вынікала”.
У каруселі можна пачытаць іншыя цытаты з твораў Кастуся Тарасава.
Кастусь Тарасаў (цытаты)
Жывуць, як той заяц: маўчыш – жывы, варухнешся, гукнеш другога зайца – ліс схопіць. Без сілы ніхто не князь, а гэтак – парабак пры дужэйшым
Апошняе каханне князя Міндоўга
Лепш сярод нешматлікіх быць, чым сярод натоўпу неабачлівых, якія заднім розумам жывуць
Апошняе каханне князя Міндоўга
…А век наш нядоўгі, на ўсе чаканні дзён не хопіць…
Апошняе каханне князя Міндоўга
“Эх, як раней не дадумаўся! Век жыві – век вучыся! “. А вучыцца позна, калі прапусціў міма сябе дзень удачы
Апошняе каханне князя Міндоўга
…Злосць – што псіна, трэба яе на ланцугу трымаць. Цябе і пакусае, калі спушчаная. Шалёны сабака доўга не жыве. Так і шалёны кмет хутка гіне
Апошняе каханне князя Міндоўга
Няма радасці быць жорсткім, але яшчэ горш пакідаць жорсткія справы для сыноў. Я не вырашу – ім давядзецца вырашаць. Улада вышэй за князя. Князь памірае, а зямля і ўлада застаюцца. Мы ў гасцях у ўлады. Узяў уладу – яна загадвае. Толькі дурань думае, што ўлада – гэта ён сам. Улада і табе будзе загадваць, калі мяне не будзе
Апошняе каханне князя Міндоўга
Так загас род Міндоўга, хоць мог стагоддзі княжыць у Літве, калі б не запаліўся стары князь да чужой жонкі і не выклікаў бы змрочнай помсты Даўмонта. Ён загінуў, яго дзеці загінулі, пляменнік Ердзівіл загінуў у бітве з мазаўшанамі, сышлі з гэтага свету забітыя пляменнікі Таўцівіл і Трайнята. Усе як адзін! Мог і Войшалк княжыць і нарадзіць сына, і перадаць уладу яму. Але яму не было прызначана. Ён, апрануты ў вялікакняскі ўбор, насіў на галаве чорную скуфейку. Ці думаў ён, каму перадаць уладу над княствам? Верагодна, думаў – дзецям швагра Шварна. Апыніся князь Шварн мацней здароўем, не пі ён так моцна, - невядома яшчэ, адбылося б Вялікае Княства Літоўскае. Можа, яно б звалася Вялікае Княства Валынскае. У 1269 годзе Шварн захварэў, перадаў завяшчаннем брату Льву свае гарады Узгорак, Чэрвень і Белз, і праз тры дні сканаў. У княстве Наваградскім і Літоўскім не знайшлося законнага спадчынніка, і пачалася доўгая, на чвэрць стагоддзя, міжусобная вайна князёў за месца вялікага князя
Пасечаная дынастыя
Прырода скупа адмерыла чалавеку сумлення, і супольствы людзей адвеку па-драпежніцку забіваюць і душаць адно аднае, каб падмацавацца чужымі здабыткамі і выгаданым чалавечым рэсурсам. Нікому дасюль не ўдалося стаць выключэннем, і Беларусі – з прычыны геаграфічнага становішча – тым болей. Хроніка падзей нашай гісторыі сведчыць, што змест жыцця народа праз стагоддзі складала найперш фундаментальная патрэба – застацца ў жывых. Часцяком проста на біялагічным узроўні, апошнія гадоў з двесці ў дадатак – і як самастойны этнас. А ўсё астатняе адсюль вынікала
Крыж памяці, меч лёсу
Але Вільня і Навагрудак -- гэта актыўная зона балта-славянскага кантакту, тая тэрыторыя, дзе балты і славяне ўжо да гэтага часу прыкладна 300 гадоў як змяшаліся. Гэта і ёсць, калі карыстацца такім тэрмінам, цэнтральная зона беларускага народа. Менавіта гэты рэгіён даў першых князёў для ВКЛ, пачынаючы з Міндоўга. Правільней будзе сказаць, што Гедзімін не перанёс сталіцу, а яе перасунуў, так як усё было ў адной дзяржаве, на адной, самой галоўнай яго тэрыторыі. Карэнных змяненняў ад гэтага не адбылося. Гістарычныя князі, пачынаючы з Міндоўга, усе былі з гэтай зоны, у якой гаварылі на той мове, якая зараз завецца беларускай. Як сапраўды мову тады называлі -- ніхто не ведае. У станаўленні ВКЛ удзельнічалі некалькі рэгіёнаў - Нальшча, Дайнова, Полаччына, Міншчына, Літва, Палессе. Пісьмовая мова прыйшла з царквой -- у дадзеным выпадку - кіеўскай, а не маскоўскай.
Беларусы
III Статут Льва Сапегі і сеймавай камісіі, які ўсе сёння тлумачаць як перамогу, на мой погляд, не прадугледжваў самога галоўнага -- уласнага кіраўніка ВКЛ (дзяржавы). Ён у нас па сумяшчальніцтве носіць назву вялікага князя, паколькі галоўная яго цікавасць -- каралеўскі трон у Польшчы. Больш у нашай эліты не было задачы дзяржаўнага будаўніцтва, яна займалася тым, што, падобна барсукам, індывідуальна назапашвала багацці. Запрыгонены сялянскі стан забяспечваў матэрыяльную базу эліты, з яго трэба было выціскаць усе сокі, тым больш, што на нашай зямлі не было ні карысных выкапняў, ні рэк, ні мора, - гэта значыць умоў, якія, напрыклад, былі ў Англіі, Галандыі. І такое становішча працягвалася да трох падзелаў. Прылучэнне да Расіі прынесла іншы палітычны лад і іншую дзяржаўную мову
Беларусы
Няма любові - няма і ўдачы, няма веры - не спраўдзіцца
Беларускія шляхцічы: Дзяржынскі і Пілсудскі
На мой погляд, мы яшчэ падобныя да папугаяў: пачулі калісьці нешта і бяздумна паўтараем. Склаўся набор пэўных стэрэатыпаў, напрыклад, тры раздзела Рэчы Паспалітай, калі рускія захапілі Беларусь і Літву, нацыянальна-вызвольныя паўстанні Касцюшкі і 1831 года, вольналюбівая Канстытуцыя 3 траўня, Смаленшчына – забраная беларуская зямля. І так далей. Ну так, Расія захапіла сілай Беларусь і Літву. Але хто адхваціў сабе нашмат раней Украіну -- палову Вялікага княства Літоўскага? Хто пераклаў на польскую мову Трэці Статут? Якой мовай карысталіся жаўнеры беларускіх палкоў у войску Напалеона? Ці трэба казаць, што нават беларускага гуку там ніколі не чулі…
Беларусы